Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Той і тыя, дзеля каго ён місіянер
Усяго патроху
19.10.2014 12:44

"Усе людзі аднолькавыя, - спакойна адказаў місіянер, - толькі па-рознаму выхаваныя. Усе людзі маюць аднолькавую душу, і ўсе яны роўныя перад Богам" (У краіне райскай птушкі. Янка Маўр)

Місіянер  пакліканы да людзей і да асаблівай адвагі несці гэтым людзям Хрыста, якога гэтыя людзі павінны спазнаць і прыняць у сваё жыццё, пачаць жыць праўдай, якую Ён абвяшчаў.

 

Але якой моваю, якімі сімваламі, якімі ўчынкамі дастукацца да людзей, каб яны ўсім сваім нутром, усім розумам і сэрцам усвядомілі, што такое быць хрысціянінам, і зразумелі стрыжань і значэнне хрысціянства, а галоўнае, навошта яно ім?

Аднолькавая душа людская ў пакліканні стаць святой, але ўзрошчаная яна на сваёй культуры, са сваім менталітэтам і сваім светаўспрыманнем.

Якім чынам у гэтым светаўспрыманні можа пакінуць след і сваю важкасць Ісціна, каб змагчы застацца, як узор на вышыванцы, на вякі, толькі не на тканіне кашулі, але на сэрцы?

...“Калі хочаш беларусу раскрыць таямніцу Эўхарыстыі, не забудзься яе вобраз змясціць з каласамі жыта ці пшаніцы”, - кажа місіянерка адной дзяўчыне, якая рыхтуе дэкарацыі ў касцёле на Першую Камунію.

“Могуць не ўпасці ў сэрца словы, але спелыя каласы, якія так блізкія светаўспрыманню беларускай душы, нахіленыя пад спеласцю зерня ўбок, абавязкова крануць свядомасць і на ўзроўні генетычнай памяці ўзновяць вобразы і народзяць асацыяцыі. Таму асаблівая ўвага каласам, побач з якімі няхай будзе хлеб, які бачна, што спечаны на лістах кляновых ці дубовых”, - дадае місіянерка.

“А яшчэ, ведаеш, калі гэта будзе да месца, то змясці сярод каласоў некалькі васількоў, хоць гэта ўжо і не мае дачынення да Хлеба, але гэта дапоўніць вобраз жніва", - кажа манахіня, засцілаючы алтар чыстым абрусам з выбеленага ільну.

“Для беларускай свядомасці важна, каб сярод каласоў знайшлася і валошка, я памятаю словы вашага Максіма Багдановіча, бо перад тым, як толькі распачаць працу сярод беларусаў, я паспела крыху пазнаёміцца і з беларускай літаратурай; для беларусаў важная прыгажосць.

Для кожнага народа трэба гаварыць на ягонай мове, як і ў сэнсе мовы зносінаў – народнай мовы, так і на мове вобразных сродкаў, якія аднолькава моцна закранаюць яго веру. Вера – гэта пачуццёвы вопыт Бога, а што, як не вобразы, дапамагаюць яго набыць”, - дзеліцца досведам сястра-місіянерка.

“Як і Слова Божае на зразумелай народу мове, але нават не толькі на зразумелай народу мове, а і на яго роднай мове, якая найбольш адлюстроўвае светапогляд народа, светапогляд, які складваўся на працягу стагоддзяў ці тысячагоддзяў. Для нас, місіянераў, важна, каб існаваў пераклад на мову народа, ці, магчыма на дыялект, важна і самім імкнуцца пазнаць гэтую мову. Пазнаць мову, каб гаварыць не толькі фармальна, але і дасягаючы эмацыйнай эмпатыі з тымі людзьмі, якім мы нясём праўду пра Збаўленне, – адзначае місіянерка і дадае сцішаным голасам, прысеўшы на каленях перад алтаром на драўлянай і непафарбаванай падлозе касцёла:

Нам важны не толькі розум гэтага народа, якому мы нясем Хрыста, нам важны яго спевы і танец, яго мастацтва, усё, што тычыцца духоўнай культуры, а таксама і народнага побыту. Часамі можа стацца, што тое, што такое Уваскрасенне Хрыста, атрымаецца патлумачыць праз выбіты рытм на тамтаме...

Гаварыць пра Вялікую Праўду, якая з’яўляецца сэнсам і нашага жыцця, для таго народа, да якога мы прыязджаем, – гэта старацца гаварыць на яго мове, гэта адчуваць на яго мове, гэта патрапляць у рытм танцаў, якія танчыць гэты народ, а таксама гэта есці той лыжкаю, якой чэрпае гэты народ, і спаць пад той коўдраю, пад якой засынае ці не можа заснуць гэты народ, коўдраю яго цяжкасцяў, надзей і мараў”.

Аксана Ючкавіч

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.