Навіна пра пахаванні дзяцей у каталіцкім прытулку Ірландыі — маніпуляцыя. Чаму важна правяраць інфармацыю? | Друк |
Публіцыстычная старонка Аляксандра Гелагаева
06.03.2017 12:06

«У Ірландыі мясцовыя ўлады выявілі масавае пахаванне дзяцей на тэрыторыі былога каталіцкага прытулку ў ваколіцах горада Туам», — паведаміла 5 сакавіка «Наша Ніва», цытуючы The Guardian. Шукаючы пацвярджэнне гэтаму факту, знаходзіш цікавыя нюансы...

Адкуль «растуць ногі»?

Паведамленне сапраўды шырока разляцелася па свеце, аднак, мае крыніцу яшчэ трохгадовай даўніны — яшчэ летам 2014 года СМІ (у тым ліку каталіцкія) паведамлялі, што на тэрыторыі ўстановы, якая існавала з 1925 па 1961 год, паміралі дзеці, і амаль усе з іх былі пахаваныя ў агульных магілах.

Пра гэты і аналагічныя выпадкі пісалі catholicworldreport.com, irishcatholic.ie і irishtimes.com.

Але ўсё яшчэ цікавей: гэтая статыстыка смяротнасці ніколі не была сакрэтнай, бо прытулак атрымліваў дапамогу ад дзяржавы і рэгулярна паведамляў пра ўсё мясцовым уладам.



Менавіта дзякуючы працы з дакументамі ў мясцовым архіве гісторык-краявед Кэтрын Корлес падлічыла колькасць дзяцей, якія памерлі ад хваробаў у прытулку за 36 гадоў — 796. Большасць дзяцей памерла ва ўзросце да аднаго года.

Чым жа займаўся каталіцкі прытулак? Да яго па дапамогу звярталіся цяжарныя незамужнія жанчыны, якія баяліся асуджэння з боку бацькоў і грамадства за дашлюбнае дзіця. Звычайна яны нараджалі і сыходзілі, а дзеці заставаліся на гадаванне манахіням, якія паступова шукалі малым новыя сем’і.

Чаму трэба працаваць з дадзенымі?

Ці адрозніваецца смяротнасць у каталіцкім прытулку ў першай палове XX стагоддзя ад агульнай cмяротнасці ў беднай тады Ірландыі, якая толькі што перажыла вайну за незалежнасць, а потым і грамадзянскую вайну?

Сапраўды адрознівалася. Кожные трэцяе дзіця, народжанае незамужняй жанчынай у Ірландыі, у тыя часы памірала ў першы год жыцця, як сведчыць афіцыйны Registrar-General for Births, Deaths, and Marriages. Гэта прыкладна ў шэсць разоў вышэй за паказчык нараджальнасці ў жанчын, якія былі замужам афіцыйна.



У 1936 годзе ў Ірландыі на 1000 нараджэнняў прыходзілася 305 памерлых немаўлят, якія былі народжаны па-за шлюбам і 66 памерлых немаўлят, народжаных у шлюбе.

У тым жа 1936 годзе ў каталіцкім прытулку ў Туаме было каля 140 дзяцей. За гэты год у прытулку памерла 46 дзяцей — гэта самая вялікая колькасць памерлых у прытулку з 1925 па 1942 год.

Аднак, насамрэч атрымліваецца, што дзіцячая смяротнасць у прытулку нават у такі анамальны па смяротнасці год прыкладна адпавядае агульнанацыянальнаму сярэдняму ўзроўню.

Возьмем 1947 год, калі ў прытулку памерла 52 дзіцяці, — гэта сумны «рэкорд» за ўсю гісторыю гэтай ўстановы. Але гэта на тысячу чалавек менш, чым сярэдні агульнанацыяльны  ўзровень смяротнасці пазашлюбных дзяцей у Ірландыі за 1947 год.

Яшчэ больш дадзеных у графіках››

Улічваючы той факт, што прытулак павядамляў дзяржаве пра дзіцячую смяротнасць, а дактары і прыватныя асобы часта ад гэтага ўхіляліся, каб уратаваць дзяўчыну «ад ганьбы», узровень смяротнасці пазашлюбных немаўлят у Ірландыі дакладна вышэйшы за той, які фіксавалі ў каталіцкім прытулку.

Вось так гісторыю пра небагаты каталіцкі прытулак для незамужніх дзяўчат і іх дзяцей, які хаваў памерлых немаўлят у братняй магіле, не маючы сродкаў на месца для паўнавартасных пахаванняў, становіцца маніпуляцыяй з боку журналістаў.

Некаторыя з міжнародных СМІ, будучы прыхільнікамі пераважна антыкаталіцкіх лева-ліберальных поглядаў, зрабілі такім чынам «сенсацыю» пра «масавае знішчэнне» дзяцей у каталіцкім прытулку. Таму заўсёды правярайце інфармацыю, якую чытаеце.

Cпецыяльна для Catholiс.by дапоўніў Аляксандр Гелагаеў
Скарочаны варыянт першапачаткова апублікаваны на nn.by

 
© 2003-2024 Catholic.by