Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Да 100-годдзя аб’яўленняў у Фаціме «Каталіцкі пілігрым» арганізуе дзве пілігрымкі ў ліпені 2017 года
Анонсы
24.05.2017 13:28

Духоўнае падарожжа ў Фаціму (Партугалія), дзе ў 1917 годзе адбываліся аб’яўленні Маці Божай тром дзецям, з нагоды 100-годдзя гэтых падзей у ліпені 2017 года арганізоўвае бюро «Каталіцкі пілігрым» пры епіскапаце Беларусі.

Беларусь-Фаціма

Першая пілігрымка (аўтобусная) акрамя партугальскай Фацімы  будзе ўключаць у сябе знаёмтсва з санктуарыямі ў французскім Лурдзе і Ла-Салет, а таксама іспанскім Санц’яга-дэ-Кампастэла. Падарожжа адбудзецца 5-23 ліпеня і будзе пралягаць праз Чэхію, Швейцарыю, Германію і Польшчу.

Другая пілігрымка (самалётам) адбудзецца 8-15 ліпеня і будзе прысвечана знаёмству беларускіх вернікаў выключна са святымі месцамі Партугаліі.

Як распавёў Catholic.by адказны за арганізацыю падарожжаў кс. Раман Факсінскі, цэнтральныя ўрачыстасці абедзвюх пілігрымак пройдуць 13 ліпеня 2017 года з удзелам Мітрапаліта Мінска-Магілёўскага арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча.

Паводле слоў кс. Рамана Факсінскага, гэта дата абраная невыпадкова, бо менавіта ў гэты дзень стагоддзе таму Маці Божая перадала сваё пасланне адносна Расіі, у склад якой на той час уваходзілі і землі Беларусі.

Запіс на пілігрымкі ўжо адкрыты на сайце «Каталіцкага пілігрыма».

Гісторыя Фацімы

Паміж 13 мая і 13 кастрычніка 1917 г. у Кова да Ірыя ў парафіі ў Фаціме Маці Божая шэсць разоў аб’явілася траім пастушкам з Фацімы — Франсішку і Жасінце Марту і Лусіі Сантуш.

Маці Божая заахвочвала дзяцей да пакаяння за душы ў чыстцы, да штодзённай малітвы Ружанца аб навяртанні грэшнікаў і да малітвы за мір, а таксама прасіла пабудаваць у гэтым месцы капліцу ў Яе гонар.

Каталіцкі Касцёл прызнаў аб’яўленні цудам 13 кастрычніка 1930 г. А 31 кастрычніка 1942 г., згодна з просьбай Маці Божай, Папа Пій ХІІ прысвяціў свет Беззаганнаму Сэрцу Марыі. На сёння ў Фаціме знаходзяцца сядзібы 47 жаночых манаскіх супольнасцяў і 15 мужчынскіх. Кожны год у Фаціму прыбываюць больш за 5 мільёнаў пілігрымаў з усіх частак свету.

(IL)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.