Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Івянцы пройдзе Імша ў першую гадавіну гібелі айца Андрэя Ахрэма
Анонсы
31.10.2014 10:08

8 лістапада ў касцёле святога Міхала Арханёла ў Івянцы пройдзе святая Імша ў першую гадавіну трагічнай гібелі айца Андрэя Ахрэма OFMСonv. Імшу ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч.

Пачатак Імшы ў 11.00. Пасля адбудзецца малітва на магіле айца Андрэя Ахрэма, які пахаваны побач са святыняй.

Айцы францішкане і родныя святара запрашаюць далучыцца да супольнай малітвы аб збаўленні яго душы.

Айцец Андрэй Ахрэм нарадзіўся 9 сакавіка 1981 года ў Вілейцы ў сям’і Віктара і Людмілы Ахрэмаў. Быў ахрышчаны ў Праваслаўнай Царкве, паколькі шлюб яго бацькоў змешаны. Пасля заканчэння Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта інфарматыкі і радыёэлектронікі быў накіраваны на працу ў Віцебск, дзе прыняў рашэнне перайсці ў каталіцкую веру, што зрабіў 7 жніўня 2004 г. З таго часу актыўна ўдзельнічаў у жыцці мясцовай парафіі Святой Барбары як міністрант і член Легіёна Марыі, паглыбляў сваю веру праз катэхезу для дарослых. Адчуўшы жаданне глыбейшага духоўнага жыцця, вырашыў уступіць у манаскую супольнасць. У 2005 г. распачаў пастулат у Івянцы, затым працягваў фармацыю ў айцоў францішканаў у Лодзі (Польшча). Першыя шлюбы склаў 15 верасня 2007 г., вечныя шлюбы – 8 снежня 2011 г. Прэзбітэрскае пасвячэнне атрымаў 1 чэрвеня 2013 г. Служыў у парафіі Святога Міхала Арханёла ў Івянцы, у апошні час таксама атачаў пастырскай апекай парафію Святых апосталаў Пятра і Паўла ў Камені (Мінска-Магілёўская архідыяцэзія).

Святар загінуў у аўтакатастрофе 4 лістапада 2013 г. Пахавальныя ўрачыстасці адбыліся 8 лістапада 2013 г. у касцёле святога Міхала Арханёла ў Івянцы.

(JM)

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.