Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Конкурс да 400-годдзя з’яўлення цудатворнага абраза Маці Божай у Будславе
Анонсы
27.03.2013 10:03

Праслаўленне Маці Божай у мастацкім слове стала ўжо даўняй і добрай традыцыяй у беларускай і замежнай літаратуры. Сярод мноства класічных прыкладаў варта згадаць, напрыклад, паэтычныя словы малітвы Міколы Гусоўскага ў паэме «Песня пра зубра» («Кветак дзявочых краса! Прачыстая Дзева Марыя! // Просьбу маю падтрымай Боскай малітвай сваёй. // Ты паглядзі на пажары вайны, на кроў, што ліецца, // Многае воляй нябёс меч дазваляе сабе...»), малітоўны зварот Адама Міцкевіча да Маці Божай Вастрабрамскай у паэме «Пан Тадэвуш» («Святая дзева, што бароніш Чанстахову // І ў Вострай браме свеціш, што ўзяла ў ахову // Наш слаўны Навагрудак з добрым верным людам, // Як мне жыццё ў дзяцінстве ты вярнула цудам...») і многія іншыя творы старажытнай і сучаснай літаратуры.

Памятаючы пра неабходнасць падтрымліваць гэтую традыцыю, рэдакцыя часопіса «Ave Maria» абвяшчае конкурс на лепшы твор (верш, песню, эсэ, кароткае апавяданне), прысвечаны 400-годдзю з’яўлення цудатворнага абраза Маці Божай у Будславе.

Творы просім дасылаць у рэдакцыю да 1 чэрвеня 2013 года. Вынікі конкурсу будуць абвешчаныя на ўрачыстасці ў Будславе.

Пераможцы атрымаюць у падарунак добрую духоўную літаратуру. Пасля завяршэння конкурсу плануецца выданне кнігі, у якую будуць уключаныя лепшыя конкурсныя працы.

Згадаем, што ў 2003 г. рэдакцыя часопіса «Ave Maria» ўжо праводзіла конкурс, прысвечаны юбілею Будслава. Гэтая акцыя мела добры плён: у рэдакцыю было даслана каля 100 творчых працаў і па выніках конкурсу была выдадзена кніжка вершаў-малітваў «У будслаўскай святыні Ты ранішняй зоркай...».

Адрас для карэспандэнцыі:
а/с 101, 220002 г. Мінск-2,
тэл./факс: (017) 293 17 50
E-mail: Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript

У часопісе №3 за 2013 год апублікаваны першыя конкурсныя матэрыялы: эсэ Уладзіміра Вайцяховіча «Матчына Ласка» і Аксаны Ючкавіч «Лютаўская Пілігрымка».

Чакаем ад вас, дарагія чытачы, новых твораў на конкурс.

Рэдакцыя часопіса «Ave Maria»

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.