Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
У Мінску будзе асвячона новая капліца
Анонсы
02.07.2012 12:56

Вернікі парафіі Божага Цела ў Мінску разам з супольнасцю айцоў кармэлітаў босых з вялікай радасцю запрашаюць на ўрачыстасць асвячэння капліцы Маці Божай Шкаплернай. Адбудзецца яна 3 ліпеня і распачнецца літургіяй а 15-й гадзіне.

Святую Імшу ўзначаліць Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч. Капліца знаходзіцца па вул. Герасіменкі, 8 (каля г/к «Алмаз»).

Менш за год таму, 8 жніўня 2011 г. у мікрараёне «Ангарская» адбылося асвячэнне крыжа і пляцоўкі пад будаўніцтва капліцы Маці Божай Шкаплернай, а пасля — касцёла Божага Цела. Дагэтуль у Завадскім раёне сталіцы не было ніводнага культавага месца малітвы хрысціянаў.

Аб заснаванні парафіі Божага Цела ў Мінску было вырашана падчас святкавання ў Касцёле Года Эўхарыстыі (2005 г.). Падпісаў гэтае рашэнне кардынал Казімір Свёнтэк. Выкананне заснавання парафіі было даручана кс. Ігару Лашуку. Пасля тагачасны Апостальскі Адміністратар Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі біскуп Антоні Дзям’янка даручыў апеку парафіяй айцам кармэлітам босым.

18 студзеня 2007 г. парафія Божага Цела ў Мінску была зарэгістравана. Спачатку вернікі збіраліся на малітву ў прыватных памяшканнях, а пасля (з павелічэннем колькасці парафіянаў) — у актавай зале ЖЭСа №74.

У 2010 г. быў абраны ўчастак зямлі пад будаўніцтва святыні, а праз год выдзены парафіяльнай супольнасці.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.