Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Рада па справах сям'і пры ККББ заахвочвае да ўдзелу ў акцыі «Духоўнае ўсынаўленне»
Анонсы
02.03.2010 13:23

Рада па справах сям’і пры Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі ў чарговы раз заахвочвае да ўдзелу ў акцыі «Духоўнага ўсынаўлення», галоўная мэта якой — абарона зачатага жыцця, што знаходзіцца пад пагрозай знішчэння.


Што такое «духоўнае ўсынаўленне»?

Духоўнае ўсынаўленне — гэта абяцанне, дадзенае Богу, сутнасцю якога з’яўляецца малітва канкрэтнай асобы ў інтэнцыі ўратавання жыцця дзіцяці, якому пагражае небяспека аборту. Зместам «духоўнага ўсынаўлення» з’яўляецца штодзённая малітва на працягу дзевяці месяцаў. Распачынаецца малітва ў свята Звеставання Пана, а заканчваецца ўрачыстасцю Нараджэння Пана. Усынаўленне заключаецца ў абавязку чытаць спецыяльную малітву ў інтэнцыі ненароджанага дзіцяці, імя якога ведае толькі Бог, маліцца адну з таямніц Ружанца, а таксама ва ўвядзенні ў сваё жыццё пэўных рэлігійных практык.


Сутнасць абяцанняў

У тэалагічным значэнні шлюб — гэта абяцанне, дадзенае Богу, аб’ектам якога  з’яўляецца вышэйшае дабро. У выпадку «духоўнага ўсынаўлення» аб’ектам абяцання з’яўляецца малітва ў інтэнцыі ненароджанага дзіцяці і яго бацькоў. Гэтае абяцанне павінна быць свядомым і вольным выбарам. Абяцанне «духоўнага ўсынаўлення» з’яўляецца часовым, бо трывае 9 месяцаў (столькі часу, колькі дзіця знаходзіцца ва ўлонні маці).


Хто можа ўдзельнічаць у «духоўным усынаўленні»?

У «духоўным усынаўленні» можа ўдзельнічаць кожны, хто адчувае сябе здольным выканаць дадзенае абяцанне, складзенае Богу. Гэта асобы старэйшыя, хворыя, якія праз ахвяраванне сваіх цярпенняў Богу могуць выпрошваць шматлікія плёны. Заахвочваюцца да «Духоўнага ўсынаўлення» таксама моладзь і дарослыя. Калі моладзь прыме на сябе абавязак малітвы за ненароджаных дзяцей, можна спадзявацца, што яна не дапусціць смерці ўласнага зачатага дзіцяці.

Пачатак «духоўнага ўсынаўлення» як індывідуальнага малітоўнага абавязку адбудзецца ва ўсіх касцёлах Беларусі 25 сакавіка ў дзень урачыстасці Звеставання Пана шляхам агульнага складання абяцанняў групай вернікаў падчас урачыстай святой Імшы.

Кожны, хто зацікавіўся дадзенай акцыяй, можа атрымаць падрабязную інфармацыю ў пробашча сваёй парафіі.

Заахвочваем усіх да прыняцця на сябе абавязку малітвы ў інтэнцыі зачатага жыцця, якое знаходзіцца пад пагрозай аборту.

А. Пётр Фраштэнга OCD,
Cакратар Рады па справах сям’і пры ККББ

с

Формула абяцання Духоўнага ўсынаўлення

«Праслаўляю Цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што Ты схаваў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў дзецям. Так, Ойча, бо такая была Твая добрая воля».

Найсвяцейшая Панна, Багародзіца Марыя, усе Анёлы і Святыя. Ідучы за жаданнем несці дапамогу ў справе абароны ненароджаных, моцна пастанаўляю і абяцаю, што з дня ................. у свята/урачыстасць .............. у касцёле ..................... духоўна ўсынаўляю адно дзіця, імя якога ведае толькі Бог, каб на працягу дзевяці месяцаў кожны дзень маліцца аб уратаванні яго жыцця, а таксама аб справядлівым і добрым жыцці пасля нараджэння.

Гэтымі малітвамі будуць:
адна таямніца Ружанца, мае добрыя ўчынкі, малітва, якую прачытаю сёння першы раз.

Штодзённая малітва

Пане Езу, праз заступніцтва Марыі, Маці Тваёй, якая нарадзіла Цябе з любоўю, а таксама праз заступніцтва святога Юзафа, чалавека даверу, які апекаваўся Табою пасля народзінаў, прашу Цябе ў інтэнцыі гэтага ненароджанага дзіцяці, якое духоўна хачу ўсынавіць і якое знаходзіцца ў небяспецы аборту. Прашу, дай яго бацькам любоў і адвагу, каб яны не забівалі свайго дзіцяці, а пакінулі яму жыццё, якое Ты сам гэтаму дзіцяці прадвызначыў. Амэн.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.