Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Пастырскае пасланне Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на Год веры

Тэкст паслання на польскай мове >>>

Праз Марыю памнож нашу веру, Пане (пар. Лк 17, 5)

Дарагія браты і сёстры!

1. 11 кастрычніка 2012 г. падчас XIII Звычайнага Сіноду Біскупаў па новай евангелізацыі для пераказу хрысціянскай веры, у 50-ю гадавіну пачатку Другога Ватыканскага Сабору і 20-ю гадавіну абвяшчэння Катэхізіса Каталіцкага Касцёла папа Бэнэдыкт XVI распачне Год веры, які завершыцца ва ўрачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету, 24 лістапада 2013 г.

Апошні раз Год веры адзначаўся ў 1967 г. ва ўспамін 1900-годдзя мучаніцкай смерці апосталаў Пятра і Паўла. Сучасны свет перажывае эпоху крызісу веры, і Папа заклікае гэты год прысвяціць асаблівай малітве і высілкам з мэтай знайсці лек ад яго. Часы сапраўды крытычныя, але мы, хрысціяне, верым, што Бог дапаможа перамагчы гэтыя цяжкасці, і з надзеяй глядзім у будучыню.

Аб намеры правесці Год веры Папа абвясціў год таму 11 кастрычніка 2011 г. у Апостальскім лісце «Porta fidei» — «Брамы веры». У ім Святы Айцец, чытаючы знакі часу, нагадвае пра неабходнасць нанова знайсці дарогу веры, каб усё больш выразна паказваць радасць і адноўлены энтузіязм, які нараджаецца ад спаткання з Хрыстом. Неабходна вывесці людзей з духоўнай пустыні да Хрыста, які дае поўню жыцця, бо ў сучасным свеце хрысціяне часта больш клапоцяцца аб справах грамадскіх, культурных і палітычных, чым аб сваёй веры, якая ёсць дарогай да дасягнення збаўлення (пар. PF 2-3).

Сапраўды, няма больш важнай справы, як пошук шляху да дасягнення найвышэйшых мэтаў жыцця чалавека і адначасова дарогі, якая вядзе да вечнасці. Існаванне чалавека не абмяжоўваецца яго магілай. Не з’яўляецца яго канцом і крэмацыя. Чалавек як Божае стварэнне прызначаны да вечнасці, і ў кожным чалавеку ёсць іскра несмяротнасці, якая яму нагадвае аб гэтым. Папа Бэнэдыкт XVI паказвае нам гэтую іскру, якою ёсць іскра веры і якая павінна нанова заззяць падчас Года веры. Гэта час адказнай працы ў справе абужэння свядомасці чалавека, каб дапамагчы яму не змарнаваць сваё жыццё і дасягнуць вечнага шчасця.

Бэнэдыкт XVI падкрэслівае, што Год веры з’яўляецца заахвочваннем да аўтэнтычнага і новага навяртання да Хрыста — адзінага Збаўцы свету. У таямніцы Яго смерці і ўваскрасення Бог аб’явіў ва ўсёй паўнаце любоў, якая збаўляе і заклікае людзей да перамены жыцця праз адпушчэнне грахоў (пар. Дз 5, 31). Гэтая любоў вядзе да новага жыцця, бо праз хрост мы пахаваныя ў смерць з Хрыстом, каб як Ён уваскрос з памерлых, так і нам жыць абноўленым жыццём (пар. Рым 6, 4). Дзякуючы веры гэтае новае жыццё, абапіраючыся на навіну Уваскрасення, фарміруе ўсё чалавечае існаванне. «Вера, якая дзейнічае праз любоў» (Гал 5, 6), становіцца новым крытэрыем мыслення і дзеяння, якое перамяняе жыццё чалавека (пар. Рым 12, 2; Кал 3, 9–10; Эф 4, 20–29; 2 Кар 5, 17) (пар. PF 6).

Год веры таксама будзе спрыяць узмацненню веры вернікаў, якія сярод цяжкасцяў штодзённага жыцця не перастаюць давяраць Богу. Іх каштоўнае сведчанне з’яўляецца праяўленнем Касцёла ў сучасным свеце.

Такім чынам, Год веры павінен стаць нашым адказам на крызіс духоўнага і рэлігійнага жыцця, а таксама шляхам, які хрысціянская супольнасць прапануе тым, хто жыве з настальгіяй па Богу і жадае сустрэць Яго ізноў. Важна, каб хрысціяне адчувалі адказнасць прапанаваць іншым сяброўства веры з мэтай паказаць ім яе падмуркі.

Крызіс веры — гэта праяўленне антрапалагічнага крызісу, які перажывае сучасны чалавек, і Касцёл імкнецца дапамагчы яму пераадолець духоўную беднасць. Падчас Года веры Касцёл жадае паказаць прыгажосць веры, запрасіць да глыбейшага яе перажывання і сведчання, а таксама нагадаць людзям пра Бога, які ёсць, які нас любіць, які нас чакае са сваёй любоўю і які даў нам вольную волю і не жадае яе парушыць. Таму Год веры павінен стаць духоўным ажыўленнем заблукаўшага ў грахоўных лабірынтах чалавека, у якім адначасова закладзена Божая іскра веры, з якой павінна разгарэцца яе полымя. У цэнтры Года веры асаблівым вызнаннем веры павінна стаць малітва Сімвал веры (Credo).

2. Праблема веры заўсёды была вельмі вострай. Нават найбліжэйшых сваіх вучняў, якімі былі апосталы, Езус дакараў у малой веры. Так, падчас буры на моры, перад тым як яе суцішыць, Езус спытаў апосталаў: чаго яны спалохаліся, малаверныя (пар. Мц 8, 26)? Іншым разам, таксама падчас буры, калі апосталам здавалася, што яны патонуць, Езус прымае ўмоўную прапанову Пятра: «Пане, калі гэта Ты, загадай мне ісці да Цябе па вадзе» (Мц 14, 28). І сапраўды, на пачатку Пётр ідзе па вадзе, але, спалохаўшыся, пачаў тануць і закрычаў: «Пане, ратуй мяне!» (пар. Мц 14, 30). Езус працягнуў руку, падтрымаў Пятра і сказаў: «Малаверны, чаму засумняваўся ты?» (Мц 14, 31). На пытанне апосталаў, чаму яны не змаглі выгнаць злога духа, Езус адказвае: з-за малой веры вашай (пар. Мц 17, 19–20).

Праблема веры ў наш час становіцца ўсё больш і больш актуальнай. Свет перажыве крызіс веры. З-за малой і нясталай веры ў многіх краінах, маючых шматвекавую гісторыю хрысціянства, людзі трываюць у рэлігійнай і маральнай абыякавасці, удалечыні ад Божага слова, сакрамэнтальнага жыцця і хрысціянскіх практык, жывуць так, як быццам Бога зусім няма, і нават становяцца няверуючымі. У некаторых месцах, у тым ліку ў Беларусі, пасля энтузіязму 90-х гадоў мінулага стагоддзя назіраецца стомленасць, зморанасць і страх перад абліччам складаных выклікаў сучаснасці.

3. У такой сітуацыі Касцёл не стаіць у баку ад праблемы веры сучаснага чалавека і настаўляе ў час і не ў час (пар. 2 Цім 4, 2), як кажа святы апостал Павел. Касцёл, памятаючы аб просьбе апосталаў да Езуса «памнож у нас веру» (Лк 17, 5), імкнецца ўмацаваць веру сучаснага чалавека праз яго сустрэчу са Збаўцам. Як у сітуацыі са святым Пятром, таксама і з сучасным чалавекам, неабходна памятаць, што толькі Хрыстус праз веру можа працягнуць руку дапамогі і вывесці на бяспечнае месца.

4. Каталіцкі Касцёл у Беларусі, які Бог прывёў з няволі ганенняў да свабоды веравызнання і якому цяпер неабходна супрацьстаяць выклікам маральнага лібералізму, уключаецца ў сусветнае святкаванне Года веры.

Гэты год мы будзем перажываць пад патранатам Маці Божай Будслаўскай, бо менавіта на 2013 год прыпадае юбілей 400-годдзя прыбыцця гэтага цудоўнага абраза ў Будслаў. Благаслаўлёнай, якая паверыла (пар. Лк 1, 45), назвала Марыю св. Альжбета. Сапраўды, Марыя з’яўляецца прыкладам моцнай і нязломнай веры. Задумаемся толькі, якую веру яна павінна была мець, каб паверыць арханёлу Габрыэлю, што Бог менавіта яе выбраў быць Маці Збаўцы. Якой была яе вера, калі ў малым, ва ўсім падобным да іншых дзяцей Езусе яна бачыла доўгачаканага Месію. Толькі вера дапамагла ёй вынесці выпрабаванні, калі Езуса не прымалі ў сваім асяроддзі, калі Ён быў абвінавачаны і асуджаны, калі сустрэла Яго на крыжовым шляху, калі Ён паміраў на крыжы і калі Яго нежывое цела прыняла ў свае аб’дымкі.

У цяжкія часы ганенняў на Касцёл у падножжа цудоўнага абраза Маці Божай Будслаўскай людзі, разважаючы аб яе веры, жылі надзеяй і верылі, што прыйдуць новыя часы свабоды веравызнання. І яны прыйшлі.

Аднак злы дух не спіць, і нашы часы сталі новым выпрабаваннем веры. Таму мы ізноў звяртаем свой позірк да нашай духоўнай Маці, каб супрацьстаяць выклікам крызісу веру, каб яе аднавіць і ёю жыць. Адсюль і дэвіз Года веры: «Праз Марыю памнож нашу веру, Пане».

5. Для больш эфектыўнага перажывання Года веры ў Каталіцкім Касцёле ў Беларусі прадугледжана наступная пастырская праграма (пар. PF 8-15; Nota III, 1-10).

5.1. 14 кастрычніка 2012 г. ва ўсіх касцёлах нашай Айчыны Год веры распачынаецца спецыяльнай святочнай Імшой. Перад яе пачаткам неабходна ўрачыста ўнесці і ўсталяваць на адпаведна падрыхтаваным месцы Дакументы Другога Ватыканскага Сабору і Кампендый Катэхізіса Каталіцкага Касцёла, дзе яны будуць знаходзіцца на працягу ўсяго Года веры, які завяршыцца 24 лістапада 2013 г. урачыстай Эўхарыстыяй з гімнам «Цябе, Бога, праслаўляем».

5.2. Падчас Года веры як часу вялікай Божай ласкі неабходна асабліва захоўваць еднасць з наступнікам Пятра Святым Айцом Бэнэдыктам XVI, які пакліканы ўзмацняць нашу веру (пар. Лк 22, 32), і ўсім Касцёлам, каб увекавечыць і развіваць атрыманы ў сакрамэнце хросту дар веры.

5.3. У пастырскай дзейнасці (гаміліях, катэхезах, фармацыйных сустрэчах усіх узроўняў, сталай фармацыі духавенства, пастырскай працы з сем’ямі, дзецьмі, моладдзю, дарослымі і іншымі катэгорыямі людзей, дабрачыннасці і г.д.), беручы за прыклад Марыю, неабходна ўзмацніць разважанні на тэму веры, каб учыніць яе больш свядомай у душах і жыцці вернікаў, а таксама ажывіць у іх дух Евангелля. Пры гэтым асаблівую ўвагу неабходна звярнуць на гісторыю хрысціянства і асабліва Касцёла на нашых землях. Гэта часы яго росквіту, часы пераследу і часы адраджэння. Сведчанне першых місіянераў, вызнаўцаў і мучанікаў, якія аддавалі жыццё за веру, — гэта той скарб, якім мы павінны даражыць і з яго чэрпаць моц для вызнання веры і яе сведчання.

5.4. Вернікам неабходна вывучыць на памяць Сімвал веры, як гэта было ў мінулыя часы, пачынаючы ад першых стагоддзяў хрысціянства. На Сімвале веры, як на сталым падмурку, абапіраецца вера Касцёла, — навучае святы Аўгустын.

5.5. З большым захапленнем трэба вызнаваць веру ў літургіі, асабліва падчас Эўхарыстыі, якая ёсць вяршыняй, да якой скіравана дзейнасць Касцёла, і адначасова крыніцай, з якой выцякае ўся ягоная сіла (пар. SC 10). Год веры — гэта добрая нагода зрабіць рахунак сумлення з нашай практыкі ўдзелу ў нядзельнай і святочнай святой Імшы.

5.6. Вера грунтуецца на веданні Святога Пісання, асабліва Евангелляў, паколькі яны з’яўляюцца галоўным сведчаннем пра жыццё і вучэнне ўцелаўлёнага Слова — нашага Збаўцы Езуса Хрыста (пар. DV 18). Таму па прыкладзе Марыі — Маці Божага Слова, якая разважала і заўсёды была верная ў сваім жыцці пазнанаму Божаму слову (пар. Лк 1, 38; 2, 51), трэба і нам яшчэ больш адкрыць моц дзеяння Божага слова ў нашым жыцці праз штодзённае і рэгулярнае чытанне святых тэкстаў.

5.7. Мы павінны перажываць нашу веру не толькі ўнутры, але нам неабходна быць яе сведкамі, чаго асаблівым чынам чакае ад нас сучасны свет. Яшчэ папа Павел VI казаў, што сучасны свет больш верыць сведкам, чым настаўнікам, а калі верыць ім, то таму, што яны з’яўляюцца сведкамі (пра. EN 41).

5.8. Ва ўсіх парафіях неабходна аднавіць існуючыя старыя крыжы — знакі веры. Калі ж каля касцёлаў і ў іншых святых месцах яны адсутнічаюць або знішчаны, па меры магчымасці ўстанавіць новыя. Нашы продкі аддавалі сваё жыццё за крыж, нам жа ў часы секулярызму іх трэба бараніць і сцерагчы, а таксама захаваць для будучых пакаленняў вернікаў.

5.9. Падчас Вялікага посту заклікаем вернікаў актыўна ўдзельнічаць у набажэнствах Крыжовага шляху, каб прыблізіць таямніцу збаўлення, якая здзейснілася на крыжы, а таксама ў пакутных набажэнствах, падчас якіх будзем прасіць Бога прабачэння за грахі супраць веры.

5.10. Неабходна пашыраць кантакты са светам навукі і культуры з мэтай стварэння дыялога веры і навукі, каб паказаць, што няма канфлікту паміж імі.

5.11. Больш інтэнсіўна выкарыстоўваць сродкі масавай камунікацыі для прадстаўлення праўдаў веры, асабліва праз публікацыю катэхетычных матэрыялаў.

5.12. У кожным касцёле і капліцы неабходна вывесіць лагатып Года веры, а таксама паклапаціца, каб вернікі мелі магчымасць набыцця шматлікіх рэлігійных кніг і дакументаў, якія выдае Каталіцкі Касцёл у Беларусі, асабліва «Кампендыя Катэхізіса Каталіцкага Касцёла» (Мінск 2010) і «Дакументаў Другога Ватыканскага Сабору» (Мінск 2008).

5.13. У пастырскай дзейнасці асабліваю ўвагу неабходна прысвяціць асобам, якія не вераць, але шукаюць сэнсу жыцця, па прыкладу прапанаванага праз Папскую раду па культуры «Падворку язычнікаў».

5.14. На працягу Года веры адбудзецца перэгрынацыя копіі цудоўнага абраза Маці Божай Будслаўскай па парафіях, якая павінна стаць рэкалекцыямі для ўмацавання нашай веры па прыкладу Марыі. Перэгрынацыя таксама стане шляхам падрыхтоўкі да юбілейнага будслаўскага фэсту, тэма якога «Марыя – Маці нашай веры».

У чэрвені-жніўні 2013 г. адбудзецца таксама пілігрымка рэліквій святой Тэрэзы ад Дзіцятка Езус.

5.15. Ва ўсіх парафіях неабходна на працягу дзевяці месяцаў, пачынаючы ад кастрычніка 2012 г. да чэрвеня 2013 г., у кожную першую суботу месяца цэлебраваць святую Імшу ў гонар Маці Божай Будслаўскай, як элемент Вялікай навэнны, з нагоды падрыхтоўкі да святкавання юбілею 400-годдзя прабывання цудоўнага абраза Маці Божай у Будславе.

5.16. 6 ліпеня 2013 г. падчас юбілейных будслаўскіх урачыстасцяў перад выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнтам адбудзецца прысвячэнне нашай Айчыны Беззаганнаму Сэрцу Найсвяцейшай Панны Марыі. Мы даверым сябе, наш Касцёл і нашу краіну яе мацярынскай апецы, каб разам з ёю заўсёды згаджаліся з Божай воляй і сваёю верай былі падобны да яе.

5.17. Вера, якую мы вызнаем, павінна быць прынятая сэрцам. Не дастаткова ведаць толькі змест веры, калі сэрца, як аўтэнтычны санктуарый чалавека, не будзе адкрыта на Божае слова. Паміж актам веры і яе зместам існуе глыбокая сувязь. Прынятая сэрцам вера вядзе да справядлівасці, а вызнанне яе вуснамі да збаўлення, — навучае святы апостал Павел (пар. Рым 10, 10). Гэта азначае, што сэрца чалавека павінна адкрыцца на Божую ласку веры, каб яе лепей зразумець. Вызнанне ж вуснамі паказвае, што наступствам веры ёсць сведчанне аб ёй і захапленне ёю.

5.18. Вера не можа быць прыватнай справай. Вера — гэта рашэнне аб тым, што чалавек жыве з Богам, і таму ён сваім жыццём павінен сведчыць веру. Аб гэтым вельмі добра нагадваюць падзеі Пяцідзясятніцы, калі апосталы публічна абвяшчалі Хрыста ўкрыжаванага і ўваскрослага. У дзень Пяцідзясятніцы Касцёл паказаў публічнае вымярэнне веры і абавязак яе абвяшчэння. Таму неабходна кожны дзень жыць вераю ў нашым публічным жыцці.

5.19. Важная дапамога ў пазнаванні зместу веры — Катэхізіс Каталіцкага Касцёла, які спрыяе аднаўленню жыцця Касцёла і з’яўляецца бяспечнай нормай навучання праўдаў каталіцкай веры і інструментам яе ўмацавання. У Год веры неабходна вярнуцца да глыбокага вывучэння і паўтарэння Катэхізіса — кнігі веры.

5.20. Падчас Года веры будуць арганізаваны тэматычныя сімпозіумы: катэхетычны — з мэтай лепшага пазнання Катэхізіса і ўдасканалення катэхетычнай працы, а таксама сімпозіум, прысвечаны Другому Ватыканскаму Сабору, каб лепей пазнаць яго навучанне, якое не траціць каштоўнасці і актуальнасці. Сабор стаў вялікай ласкай і дабрадзействам для Касцёла, а таксама надзейным компасам, які ўказвае нам дарогу, — як кажа благаслаўлёны Ян Павел II (пар. NMI 57). Паводле навучання Бэнэдыкта XVI, Сабор — гэта вялікая і патрэбная для аднаўлення Касцёла моц (пар. http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/speeches/2005/december/documents/hf_ben_xvi_spe_20051222_roman-curia_it.html), таму заклікаем святароў, кансэкраваных асобаў і вернікаў да лепшага пазнання яго вучэння. Прадугледжаны таксама сімпозіум, прысвечаны апосталам славянаў — святым Кірылу і Мяфодзію.

5.21. Год веры, які распачынаецца, павінен стаць добрай нагодай да спраў міласэрнасці. Святы апостал Якуб навучае, што вера без учынкаў мёртвая (пар. Як 2, 17). Вера без любові не прыносіць плёну, а любоў без веры была б пачуццём, якое знаходзіцца пад пагрозай сумніву. Гісторыя вучыць, што шмат людзей менавіта праз справы дабрачыннасці знайшлі і ўмацавалі веру.

5.22. Святы апостал Павел заклікаў свайго вучня Цімафея, каб не стамляўся ў веры (пар. 2 Цім 2, 22; 3, 15). Гэты заклік мы павінны скіраваць і да нас саміх, каб не быць лянівымі ў нашай веры. Вера з’яўляецца спадарожніцай нашага жыцця. Яна дазваляе нанова ўбачыць цуды, якія чыніць Бог. Распазнаючы знакі часу, вера абавязвае нас быць жывымі знакамі прысутнасці Хрыста ў свеце, чаго так патрабуе сучасны свет.

5.23. У Год веры мы павінны як мага часцей накіроўваць наш позірк на Хрыста — пачынальніка і віноўніка веры (пар. Габр 12, 2). У Ім знаходзіць сэнс радасці і любові, адказ на драму цярпення і болі, сілу прабачэння і перамогу жыцця над смерцю. Таму Хрыстус павінен стаць нашым правадніком на шляху веры.

5.24. Пілігрымкі ў святыя месцы, асабліва ў Святую Зямлю, даюць магчымасць дакрануцца да вытокаў нашай веры і спрыяюць яе ўмацаванню. Таму заклікаем прымаць у іх удзел.

5.25. Вернікі заахвочваюцца да сведчання веры і любові ў дыялогу з братамі і сёстрамі іншых веравызнанняў.

2.26. Год веры таксама павінен стаць добрай нагодай для правядзення і аднаўлення парафіяльных місій.

5.27. У гэтым часе ласкі нам будзе спадарожнічаць Марыя, якая прыняла слова арханёла Габрыэля і ў паслухмянасці Богу паверыла яму, што яна будзе Маці Збаўцы (пар. Лк 1, 38), якую наш народ ужо 400 гадоў праслаўляе ў будслаўскім санктуарыі.

5.28. Ва ўсіх парафіях нашай Айчыны падчас завяршэння Года веры ва ўрачыстасць Хрыста, Валадара Сусвету, 24 лістапада 2013 г., пасля галоўнай святой Імшы пры выстаўленым Найсвяцейшым Сакрамэнце вернікам пад кіраўніцтвам святара неабходна ўрачыста і публічна прачытаць Сімвал веры, што стане кульмінацыяй гэтага Году ласкі. Такое ж вызнанне веры неабходна ўчыніць таксама і ва ўсіх манаскіх супольнасцях і супольнасцях апостальскага жыцця.

6. Глыбокапаважаныя святары, кансэкраваныя асобы і ўсе вернікі!

Паводле закліку святога апостала Паўла да пашырэння і праслаўлення слова Божага (пар. 2 Фес 3, 1), мы павінны прасіць Бога і прыкласці ўсе намаганні, каб Год веры ўмацаваў нашу сувязь з Хрыстом і каб наша вера ніколі не слабла, нягледзячы на выпрабаванні нашага часу.

«Хто паверыць і ахрысціцца, будзе збаўлены» (Мк 16, 16), — кажа Хрыстус. Гэтыя словы Збаўцы павінны нас падбадзёрыць у перажыванні Года веры, бо хрысціянін павінен жыць верай. Гэта азначае, што матывам выбару і напрамку ў жыцці перадусім павінна быць вера. Каб захаваць веру як компас нашага жыцця, неабходна яго перажываць у Божай прысутнасці. Бог ніколі не пакідае нас адных, нават падчас самых цяжкіх выпрабаванняў. Выпрабаванні сучаснасці дапамагаюць нам лепей зразумець таямніцу крыжа і прымаць удзел у цярпеннях Хрыста (пар. Кал 1, 24). Яны таксама з’яўляюцца ўступам да радасці і надзеі, да якіх вядзе вера, бо ніхто і нішто не дасць нам патрэбнай для вытрывання ў жыццёвых выпрабаваннях сілы, як вера.

Няхай жа Год веры стане для нас часам, каб мы звыш надзеі паверылі з надзеяй (пар. Рым 4, 18) і каб наша вера ўзрастала (пар. Лк 17, 5).

Давяраючы саміх сябе, наш Касцёл і нашу краіну мацярынскай апецы Марыі, якая паверыла (пар. Лк 1, 45) і якую мы асабліва будзем праслаўляць у будслаўскім санктуарыі, на наступаючы Год веры, як час адраджэння і ўмацавання веры, ад усяго сэрца благаслаўляем у імя Айца, + і Сына, і Святога Духа. Амэн.

Каталіцкія Біскупы Беларусі

Мінск, 29 верасня 2012 г.
Урачыстасць свв. Арханёлаў Міхала, Габрыэля і Рафала  


Выкарыстаная літаратура і прынятыя скарачэнні:

  1. II Ватыканскі Сабор. Канстытуцыя пра святую літургію «Sacrosanctum Concilium» (SC).
  2. II Ватыканскі Сабор. Канстытуцыя пра Божае Аб’яўленне «Dei Verbum» (DV).
  3. Павел VI. Апостальская адгартацыя «Evagelii nuntiandi» (EN).
  4. Бэнэдыкт XVI. Motu Proprio «Porta Fidei» (PF).
  5. Congregazione per la dottrina della fede. «Nota con indicazioni pastorali per l’Anno della fede» (Nota).
  6. http://www.vatican.va/holy_father/benedict_xvi/speeches/2005/december/documents/hf_ben_xvi_spe_20051222_roman-curia_it.html.


P.S. Глыбокапаважаныя святары няхай прачытаюць гэтае пасланне вернікам 7 кастрычніка 2012 г.

Адноўлена 02.10.2012 13:01
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Дакументы Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

04.05 16:28Паведамленне з 65-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
02.03 16:36Паведамленне з 64-га пленарнага (пазачарговага) пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
12.10 17:58Паведамленне з 63-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
05.07 18:11Паведамленне Старшыні ККББ наконт правядзення Брацтвам св. Пія Х рэкалекцый па метадзе св. Ігнацыя Лаёлы
24.05 15:07Зварот Каталіцкіх Біскупаў Беларусі аб правядзенні Дня перапрашэння (+Набажэнства перапрашэння)
04.02 22:01Паведамленне з 61-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
30.11 14:26Паведамленне ККББ аб правядзенні Дня малітвы за тых, хто дапамагае Касцёлу на Усходзе
21.11 15:49Паведамленне Старшынi Канферэнцыi Каталiцкiх Бiскупаў у Беларусi аб Імшы развітання з арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці
28.10 16:38Паведамленне з 60-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
03.06 17:02Паведамленне з 59-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі