Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Паведамленне Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі, прысвечаны пытанню штучнага апладнення in vitro

Мінск 28.06.2010
№ 25/S/06

Умілаваныя ў Хрысце Пану!

Кожнае жыццё паходзіць ад Бога, і толькі Ён з’яўляецца яго Валадаром. Толькі Ён як Стварыцель вырашае аб узнікненні i заканчэнні чалавечага жыцця. Таму Касцёл як інстытуцыя, заснаваная Езусам Хрыстом, таксама з моманту свайго ўзнікнення стаіць на варце годнасці чалавека. Годнасць чалавечай асобы выяўляецца, між іншым, ва ўшанаванні i абароне, калі гэта неабходна, чалавечага жыцця ад самага яго пачатку аж да натуральнай смерці.

На жаль, як заўважаем, паўстае штораз больш пагроз, звязаных з недахопам пашаны да жыцця чалавека, што ў выніку вядзе да смерці асобы. Пад выглядам уяўнай дапамогі сужэнцам, якія маюць праблемы з зачаццем дзяцей, прапануецца гэтак званы метад in vitro (Экстракорпоральное оплодотворение ЭКО), які прымаецца i падтрымліваецца ўрадамі многіх дзяржаў, у тым ліку і нашай краіны. Многія католікі на пытанне, што яны думаюць пра штучнае апладненне in vitro (ЭКО), адказваюць, што яны не бачаць у гэтым нічога дрэннага, бо тыя, хто натуральным чынам не могуць мець дзяцей, атрымліваюць іх дзякуючы гэтаму метаду. На жаль, такі падыход вынікае з-за няведання маральных прынцыпаў Касцёла, а таксама з-за адсутнасці праўдзівых ведаў аб тым, чым сапраўды з’яўляецца метад in vitro (ЭКО). Таму нагадваем, што паводле вучэння Каталіцкага Касцёла штучнае апладненне in vitro (ЭКО) з’яўляецца маральна недапушчальным i заганным.

Дык што ж такое гэтак званы метад in vitro (ЭКО)? Гэта метад падтрымання плоднасці, які заключаецца ў апладненні па-за арганізмам жанчыны. Гэтае апладненне здзяйсняецца лабараторным чынам. Можна запытацца, што ў гэтым дрэннага? In vitro (ЭКО), названае метадам лячэння бясплоднасці, з’яўляецца памылковай і фальшывай назвай, якая ўводзіць простага чалавека ў зман. У метадзе in vitro (ЭКО) не шукаюцца прычыны бясплоднасці, каб яе вылячыць. Акрамя таго практыка in vitro (ЭКО) не можа быць прынятая як маральна добрая, бо ў гэтым працэсе дзіця разумеецца не як дар Пана Бога, але як эфект заказу. А вучэнне Касцёла кажа, што плоднасць цесна звязана з інтымным збліжэннем дваіх людзей — мужчыны і жанчыны, адкрытых на Божую волю. I нарэшце, апладненне in vitro (ЭКО) з’яўляецца схаванай формай аборту і селекцыяй дзяцей, якія з пункту гледжання лекараў не маюць будучыні. Для гэтага бярэцца некалькі зародкаў, з якіх выбіраюцца толькі некаторыя. Астатнія адкідаюцца, г.зн. забіваюцца.

Такім чынам, з гэтага вельмі выразна бачна, што бацькі, якія згаджаюцца на in vitro (ЭКО), прагнучы патомства, адначасова згаджаюцца на забойства тых, якія не пройдуць селекцыю. На такія аргументы Каталіцкі Касцёл станоўча кажа «не» апладненню in vitro (ЭКО). Яно з’яўляецца маральна недапушчальным, і кожны, хто нейкім чынам удзельнічае ў гэтым, здзяйсняе цяжкі грэх.

Ці ж ёсць нейкае іншае выйсце? Што Касцёл можа прапанаваць сужэнствам, якія хочуць мець дзяцей, але не могуць з прычыны бясплоднасці? Канешне, ёсць іншыя вырашэнні, адрозныя ад метаду in vitro (ЭКО), якія Касцёл прызнае маральна добрымі. Да іх належыць, напрыклад, напратэхналогія.

Напратэхналогія — гэта лячэнне бясплоднасці, цалкам згоднае з вучэннем Каталіцкага Касцёла. Прынцыповым тут з’яўляецца распазнаванне і лячэнне парушэнняў пракрэацыі без выкарыстання штучных метадаў. Гэты метад дасягае поспехаў, ушаноўваючы годнасць і сужэнцаў, і лекараў, a яе эфектыўнасць перавышае метад in vitro (ЭКО). Як падкрэсліў папа Бэнэдыкт XVI, «ніякія дасягненні тэхнікі не заменяць акту ўзаемнай любові дваіх сужэнцаў».

А што з сужэнствамі, для якіх напратэхналогія аказваецца безвыніковым метадам лячэння? Можа, адносна вас Пан Бог мае спецыяльны план. На свеце ёсць мільёны дзяцей, якіх пакінулі іх біялагічныя бацькі, дзеці, якія прагнуць сямейнага цяпла. Можа, менавіта ўсынаўленне ёсць адказам на гарачае жаданне мець дзяцей. Такое бацькоўства будзе высакародным крокам у бок тых безабаронных і патрабуючых нашай любові і адначасова спосабам рэалізацыі бацькоўства і мацярынства.

Браты і сёстры. Усведамляючы колькасць i распаўсюджанасць штучнага апладнення як у свеце, так і ў нашай краіне, мы звяртаемся да ўсіх Вас, каб Вы захавалі Божы Закон, абараняючы чалавечае жыццё. Мы звяртаемся да ўсіх сужэнстваў, якія церпяць ад бясплоднасці. Шукайце іншых метадаў вырашэння гэтай праблемы, адрозных ад in vitro (ЭКО), бо яны ёсць i з’яўляюцца маральна дапушчальнымі. Не забаўляйцеся з чалавечым жыццём, бо кожнае жыццё паходзіць ад Бога, і толькі Ён яго Валадар. Толькі Ён як Стварыцель вырашае аб узнікненні i заканчэнні чалавечага жыцця. Мы молімся за ўсіх Вас, каб Вы мелі адвагу і баранілі чалавечае жыццё. На гэтую справу Мы ўдзяляем Вам сваё пастырскае благаслаўленне.

                                Каталіцкія Біскупы ў Беларусі
___________________________
Камунікат трэба прачытаць 02.07.2010 у Будслаўскім санктуарыі падчас урачыстасці Маці Божай Будслаўскай, а таксама ва ўсіх касцёлах Беларусі 04.07.2010.
Адноўлена 02.09.2010 15:41
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Дакументы Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

04.05 16:28Паведамленне з 65-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
02.03 16:36Паведамленне з 64-га пленарнага (пазачарговага) пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
12.10 17:58Паведамленне з 63-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
05.07 18:11Паведамленне Старшыні ККББ наконт правядзення Брацтвам св. Пія Х рэкалекцый па метадзе св. Ігнацыя Лаёлы
24.05 15:07Зварот Каталіцкіх Біскупаў Беларусі аб правядзенні Дня перапрашэння (+Набажэнства перапрашэння)
04.02 22:01Паведамленне з 61-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
30.11 14:26Паведамленне ККББ аб правядзенні Дня малітвы за тых, хто дапамагае Касцёлу на Усходзе
21.11 15:49Паведамленне Старшынi Канферэнцыi Каталiцкiх Бiскупаў у Беларусi аб Імшы развітання з арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці
28.10 16:38Паведамленне з 60-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
03.06 17:02Паведамленне з 59-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі