Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Пастырскі ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі на ўрачыстасць Звеставання Пана
 «Абараняць жыццё i ўмацоўваць яго,
шанаваць яго і любіць — вось заданне,
якое Бог даручае кожнаму чалавеку»
(Слуга Божы Ян Павел II).


Шаноўныя браты ў святарстве, кансэкраваныя асобы!
Умілаваныя ў Хрысце Пану браты і сёстры!

Зноў Божы Провід дазваляе нам святкаваць урачыстасць Звеставання Пана. Зноў у нашым жыцці мы будзем запрошаныя перажыць разам з Марыяй сустрэчу з анёлам Габрыэлем, Божым пасланнікам, які выканаў вялікае заданне, даручанае яму Стварыцелем. Трэба, каб мы таксама без боязі i з вялікай адвагай загасцілі ў Назарэце ў доме маладой жанчыны па імені Марыя. Яна не чакала, якія планы падрыхтаваў Ёй Бог. Была ж маладой сціплай асобай, якая спадзявалася толькі на Божую волю. Аднак Бог ужо ад моманту Яе зачацця падрыхтаваў у Яе ўлонні годнае жыллё для Езуса. І вось у самую, напэўна, нечаканую хвіліну з’яўляецца перад Ёй Божы пасланнік і здзіўляе Яе сваёй навіной. «Вітай, поўная ласкі, Пан з Табою». Якія ж дзіўныя словы прывітання. Да гэтага часу ніхто з Яе сяброў, знаёмых не вітаў Яе такімі словамі. Але не гэтыя словы былі найбольшай нечаканасцю. «Вось зачнеш і народзіш Сына, якому дасі імя Эммануэль. Ён будзе Сынам Найвышэйшага». Здзіўленая і, напэўна, не менш устрывожаная Марыя распачынае дыялог з анёлам. «Як жа гэта станецца, калі я не ведаю мужа (...) Дух Святы сыдзе на Цябе, і моц Найвышэйшага ахіне Цябе». Урэшце гучаць словы, якіх чакала ўсё чалавецтва: «Вось я, слуга Панская, няхай Мне станецца паводле Твайго слова». Гэтым адказам Марыя згадзілася стаць Маці Божага Сына, з усімі наступствамі, аб якіх яшчэ не ведала. Адказваючы на Божы заклік «так», яна прыняла на сябе абавязак абараняць жыццё, умацоўваць яго і любіць яго з першых дзён, гэта значыць з моманту зачацця.

«Абараняць жыццё i ўмацоўваць яго, шанаваць яго i любіць» — гэта пакліканне не толькі кожнай маці і бацькі, але таксама кожнага чалавека на зямлі. Якой жа вялікай павагай і любоўю мы акружаем сваіх маці, якія далі нам жыццё, клапаціліся пра яго ў нашым дзяцінстве, затым у маладосці i да сённяшняга дня адорваюць яго вялікім шацункам. Якой жа вялікай пашанай ахопліваем усіх маці на зямлі, якія на вестку аб зачацці адказалі так як Марыя, што ад пачатку будуць аберагаць зачатае ў іх дзіця, бо яно з’яўляецца найпрыгажэйшым Божым дарам, якім можа адорваць толькі Ён. І таму Бог у сваёй любові даў чалавеку здольнасць супрацоўнічаць з Ім у перадаванні гэтага жыцця.

Але вялікай трывогай напаўняе нас той факт, што не кожная жанчына, якая магла б стаць маці, згодная з Божым намерам наконт перадавання чалавечага жыцця. Ёсць шмат жанчын і мужчын, якія лічаць зачатае дзіця толькі прадметам i праз гэта адкідваюць Бога як Даўцу жыцця, робячы сябе валадарамі жыцця і смерці. Гэта праўда, што многіх з іх не пужае матэрыяльная сітуацыя. Таксама праўда і тое, што жанчына, пакінутая мужчынам з розных прычын, застаецца адна, не ведаючы як справіцца з гэтай нештодзённай сітуацыяй. Напэўна, многія з іх у такіх абставінах задумваюцца, ці змогуць, ці хопіць ім сілаў і сродкаў, каб нарадзіць i выхаваць зачатае ў іх дзіця. З гэтымі дылемамі сустракаюцца маці. Аднак праўда і тое, што «ніякая акалічнасць, ніякая мэта, ніякі на свеце закон ніколі не зможа зрабіць справядлівым чын, які сам па сабе з’яўляецца несправядлівым, бо ён супярэчыць Божаму закону, што запісаны ў сэрцы кожнага чалавека» (EV, 62). Калі звернемся да статыстык, то нас ахоплівае жудасны страх за будучы лёс чалавецтва. Кожны год ад 50 да 60 мільёнаў зачатых дзяцей у свеце забіваецца. Гэта параўнальна з вялікай краінай як Германія ці Польшча. Кожны год такая колькасць людзей асуджаецца чалавекам на смерць. Ці ж гэта праяўленне культуры жыцця? Канешне не. Гэта культура смерці, адсутнасць пашаны да іншага чалавека, хоць «клопат пра дзіця, яшчэ да яго нараджэння (...), з’яўляецца першай і асноўнай праверкай адносінаў чалавека да чалавека» (Ян Павел ІІ).

«Таму трэба спачатку змяніць адносіны да зачатага дзіцяці. Нават калі яно з’явілася нечакана, яно ніколі не можа быць дакучлівым госцем і агрэсарам. Гэта чалавечая асоба, таму мае права на тое, каб бацькі не скупіліся яму даваць дар з саміх сябе, нават калі гэта патрабуе ад іх асаблівай ахвяры» (Ян Павел II). Бацькі пакліканы абараняць жыццё, а кожны чалавек мае маральны абавязак розным чынам дапамагаць ім у гэтым. Кожны з нас пакліканы абараняць жыццё, каб ніхто не баяўся малога дзіцяці.

Бо ведаем, што баяцца, таму што хочуць мець лягчэйшае жыццё, больш камфортнае, больш свабоднае. Таму дапаможам ім змяніць свае адносіны да зачатага дзіцяці, бо яно ніякім чынам не пагражае іх свабодзе. Наадварот, аборт абмяжоўвае свабоду праз забойства. Акрамя таго аборт не вылечвае ніякай хваробы, але можа пагражаць здароўю, a нават жыццю маці. Аборт пагражае таксама трываласці сужэнскага саюзу. I не толькі. Ён пагражае ўсяму грамадству, у якім прымаецца забойства дзяцей. Гэта пагражае грамадству яшчэ таму, што хутка не стане маладых людзей, ад працы якіх залежыць падтрымка пенсіянераў, a гэта ў сваю чаргу прывядзе да вымушанага выкарыстання эўтаназіі, г.зн. забойства старэйшых, інвалідаў i хворых людзей. Таму трэба ясна і выразна сказаць, што аборт — гэта замах на жыццё i свабоду кожнага чалавека, а таксама цэлых грамадстваў. Усе павінны змагацца, каб кожны чалавек меў права нарадзіцца. I нельга знеахвочвацца цяжкасцямі, перашкодамі альбо няўдачамі.

«Абараняць жыццё i ўмацоўваць яго, шанаваць яго i любіць — гэта заданне, якое Бог даручае кожнаму чалавеку» (Слуга Божы Ян Павел ІІ, EV). Гэтае заданне Бог даручае ў Касцёле асабліва нам. Многія асабіста моляцца ў сваіх дамах, чытаючы Ружанец ці іншыя малітвы ў інтэнцыі жыцця, якое знаходзіцца ў небяспецы. Многія ў гэтай інтэнцыі ахвяруюць свае цярпенні i хваробы, а нават сваю старасць i бездапаможнасць. Сёння ўсіх вас мы атуляем вялікай любоўю, дзякуючы Пану Богу за кожнага і кожную з Вас. Многія таксама прымаюць абавязак маліцца ў справе «Духоўнага ўсынаўлення», якую мы распачынаем кожны год ва ўрачыстасць Звеставання Пана. Усе тыя, хто прыняў ужо такі абавязак раней, ведаюць ідэю і значэнне гэтай барацьбы за жыццё зачатага дзіцяці. Алё ёсць таксама шмат тых, хто яшчэ не рашыўся ўдзельнічаць у гэтай вялікай акцыі на карысць жыцця. Многія ўвогуле не чулі пра «Духоўнае ўсынаўленне». Што ж гэта такое? Дзе трэба шукаць яго крыніцы i карані?

Ідэя духоўнага ўсынаўлення нарадзілася ў Англіі i ў Францыі незадоўга пасля аб’яўлення Маці Божай у Фаціме. Потым распаўсюдзілася па ўсёй Еўропе, а таксама і ў нашай краіне. Такім чынам мільёны людзей на свеце моляцца за дзяцей, якім пагражае смерць ва ўлонні маці. Адна асоба штодзённа моліцца на працягу дзевяці месяцаў, пачаўшы ад урачыстасці Звеставання Пана. Сваёй малітвай ахоплівае не толькі зачатае дзіця, але таксама яго бацькоў, каб яны адважыліся прыняць гэты вялікі Божы дар i выхавалі яго ў любові. Трэба маліцца аб змене мыслення яго бацькоў, каб, напоўненыя любоўю, яны не закрываліся на новае жыццё.

Што зрабіць, каб распачаць справу «Духоўнага ўсынаўлення»? Прыйдзі ў касцёл ва ўрачыстасць Звеставання Пана i дай там разам з іншымі ўрачыстае абяцанне падчас св. Імшы. Так далучышся да справы ратавання зачатага жыцця. Гэта можа зрабіць кожны чалавек, чытаючы штодзень малітву ў інтэнцыі ратавання жыцця дзіцяці i адну таямніцу Ружанца, а таксама, прымаючы дабравольную пастанову. Менавіта да такой малітвы заахвочваем усіх вас: святары, кансэкраваныя асобы, свецкія вернікі, а таксама людзі добрай волі, для якіх чалавечае жыццё з’яўляецца найбольшым дарам Бога. Распачніце гэтую справу, прымаючы блізка да сэрца словы папы, сённяшняга Слугі Божага, Яна Паўла II, які казаў, што «абараняць жыццё i ўмацоўваць яго, шанаваць яго i любіць — гэта заданне, якое Бог даручае кожнаму чалавеку».

Ахопліваем вас усіх малітвай i пастырскім благаслаўленнем.
Каталіцкія Біскупы Беларусі

Мінск, 18.02.2010

Біскуп Антоній Дзям’янка
Генеральны Сакратар ККББ
Старшыня Рады па справах сям’і

___________
Гэты ліст трэба прачытаць ва ўсіх касцёлах Беларусі ў нядзелю перад урачыстасцю Звеставання Пана, 21 сакавіка 2010г.

 

Адноўлена 04.03.2010 14:47
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Дакументы Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

02.03 16:36Паведамленне з 64-га пленарнага (пазачарговага) пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
12.10 17:58Паведамленне з 63-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
05.07 18:11Паведамленне Старшыні ККББ наконт правядзення Брацтвам св. Пія Х рэкалекцый па метадзе св. Ігнацыя Лаёлы
24.05 15:07Зварот Каталіцкіх Біскупаў Беларусі аб правядзенні Дня перапрашэння (+Набажэнства перапрашэння)
04.02 22:01Паведамленне з 61-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
30.11 14:26Паведамленне ККББ аб правядзенні Дня малітвы за тых, хто дапамагае Касцёлу на Усходзе
21.11 15:49Паведамленне Старшынi Канферэнцыi Каталiцкiх Бiскупаў у Беларусi аб Імшы развітання з арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці
28.10 16:38Паведамленне з 60-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
03.06 17:02Паведамленне з 59-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
05.12 18:34Паведамленне з 58-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі