Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Пастырскі ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі на VII Нацыянальны дзень «Сaritas»
«Я добра бачыў пакуты народу Майго ў Егіпце,
Я чуў крык ягоны з-за прыгнятальнікаў яго. Я ведаю яго цярпенні»
(Зых 3, 7).

 

Умілаваныя ў Хрысце браты і сёстры.

Як штогод на працягу ўжо сямі гадоў мы адзначаем Нацыянальны дзень «Сaritas». Гэты дзень заўсёды святкуецца ў трэцюю нядзелю Вялікага посту. Вялікі пост кіруе нашыя думкі i позіркі ў бок падзей Вялікага Тыдня, a значыць мукі і смерці Пана Езуса, заахвочвае нас таксама задумацца пра марнасць i часовасць гэтага свету i ўсяго, што ў ім з’яўляецца матэрыяльным.

У першым літургічным чытанні на сённяшні дзень мы чулі дыялог, які вёў Бог з Майсеем пра сітуацыю выбранага народу ў егіпецкай няволі. Добра ведаем, што ізраэльскі народ пад прыгнётам егіпцян вельмі цярпеў, прымушаны быў да паднявольнай працы, служэння багатым, якія былі ў лепшай сітуацыі. Пры гэтым узнагарода за працу, харчаванне, стан жыцця ізраэлітаў і іх сем’яў былі вельмі беднымі. Многія ізараэліты паміралі ў выніку знясілення нечалавечай працай, а таксама з-за голаду.

Бог, бачачы гора свайго народу, пастанавіў выкарыстаць Майсея, каб вывесці свой народ з гэтага месца i даць яму Абяцаную зямлю. Далей у Кнізе Зыходу знаходзім апісанне гэтай Абяцанай зямлі, прызначанай для засялення выбраным народам: «Сышоў Я, каб вызваліць яго з рук егіпцянаў і вывесці яго з гэтай зямлі ў зямлю добрую і прасторную, дзе сочыцца малако і мёд» (Зых 3, 8). Такую будучыню запланаваў Бог для свайго народу. Бачачы беднасць, крайняе ўбоства, знясіленне i эксплуатацыю праз егіпцянаў, Бог пастанавіў паправіць быт тых, каго выбраў. Пра далейшы лёс выбранага народу мы ведаем з наступных старонак Кнігі Зыходу.
Як бачым, праблема беднасці, крайняга ўбоства, эксплуатацыі не з’яўляецца праблемай толькі нашага часу. Яна з’явілася з таго часу, адкуль існуе чалавек.

Чым жа ёсць убоства, якое закранае з усё большай сілай грамадствы ўсяго свету ў часы глабалізацыі, калі адныя становяцца багатымі, а другія бяднейшымі. Проста кажучы, убоства можна акрэсліць як беднасць, нястачу, г.зн. недахоп мінімальных i адпаведных матэрыяльных сродкаў для асноўнага функцыянавання чалавека. Беднасць — гэта немагчымасць задаволіць асноўныя патрэбы людзей i іх жыцця на адпаведным узроўні. Адкуль бярэцца гэты недахоп сродкаў, неабходных для адпаведнага функцыянавання чалавека? Эксперты заўважаюць некалькі асноўных прычын росту беднасці ў грамадстве: грамадска-эканамічныя элементы, высокі ўзровень беспрацоўя, няпоўныя сем’і, а таксама вялікая колькасць бяздомных. У перыяд сярэднявечча ўбогія паходзілі з груп, якія былі выключаны з грамадства па розных прычынах. Тады галоўнай прычынай такога трактавання былі звычайна фізічныя альбо псіхічныя абмежаванні. Беднасць як праяўленне ўбоства была заўсёды, г. зн з часоў існавання класа эксплуатаваных і эксплуататараў. З цягам гадоў змяняўся толькі воблік гэтай з’явы, а таксама спосаб разумення i трактавання яго рэштай грамадства.

Характэрным было тое, што ўсе тыя, каго называлі маргіналамі грамадства, г.зн. беднымі, жылі дзякуючы людзям добрай волі, якія былі неабыякавыя да цярпення чалавека, які знаходзіўся ў патрэбе. Асноўную i вядучую ролю ў барацьбе з грамадскай беднасцю i ўбоствам адыграў таксама Каталіцкі Касцёл, ажыццяўляючы прынцып міласэрнасці i справядлівасці, пра што кажа папа Бэнэдыкт XVI у Звароце на Вялікі пост. Вось так заўсёды ўбогія атрымлівалі значную падтрымку ад розных касцёльных арганізацый, мясцовых Касцёлаў, а таксама манаскіх супольнасцяў. Нярэдка іх падтрымлівалі таксама дабравольнымі матэрыяльнымі і грашовымі ахвярамі, г.зв. міласцінай.

Мы сёння бачым, што праблему беднасці i ўбоства не змаглі зліквідаваць ні змены дзяржаўнага ладу, ні гаспадарчыя рэформы. Наадварот, яны ўзрастаюць разам са з’яўленнем гаспадарчага крызісу. Не з’яўляецца гэта толькі i выключна прычынай асабістых i індывідуальных паводзінаў паасобных адзінак, як гэта было раней, але перадусім вынікае з гаспадарчай адсталасці. Акрамя таго рост беспрацоўя, адсутнасць раўнавагі паміж узроўнем заработнай платы і выконваемай працай, узрастаючыя кошты харчавання, неадэкватныя заробкам, недастатковая сістэма забеспячэнняў, знікненне традыцыйнай сям’і — усё гэта прычыняецца да штораз большага абяднення грамадства. Такі нізкі ўзровень жыцця значнай часткі грамадства вядзе да развіцця г. зв. паталогій, якія выяўляюцца розным чынам. А гэта: алкагалізм, наркаманія, рост злачынстваў, разбітыя сем’і, няпоўныя сем’і i г.д.

Таму, як бачым, няма залатой сярэдзіны, якая дазволіла б перамагчы грамадскае ўбоства. Аднак трэба належна ацаніць працу многіх арганізацый у нашай краіне, дзяржаўных i недзяржаўных, асноўным заданнем якіх з’яўляецца дапамога чалавеку, у тым ліку і матэрыяльная. На працягу стагоддзяў Каталіцкі Касцёл удзельнічаў у барацьбе з беднасцю, што прысутнічала ў грамадстве. Сёння, таксама і ў Беларусі, Каталіцкі Касцёл не перастае працягваць руку дапамогі найбольш патрабуючым, арганізуючы розныя акцыі i ствараючы арганізацыі, якія служаць гэтай мэце.

Адной з такіх арганізацый у межах Касцёла ў Беларусі ёсць «Caritas», які ўжо шмат гадоў арганізуе дапамогу найбольш патрабуючым у нашай краіне i не толькі. Касцёл, як водгук на апошнія трагічныя падзеі на Гаіці, сабраў ахвяраванні для пацярпелых у выніку землятрусу. Сёння ўсім Вам выказваем вялікую ўдзячнасць за ўдзел ў гэтай форме дапамогі.

«Caritas» штогод арганізуе летні і зімовы адпачынак для дзяцей з бедных сямей, дапамагае ім у школьным абсталяванні, а таксама арганізуе матэрыяльную дапамогу. Паасобныя дыяцэзіяльныя «Caritas» дапамагаюць убогім сем’ям, падтрымліваючы іх у кожнай сферы жыцця, i такім чынам, хоць у невялікай ступені, прычыняюцца да барацьбы з беднасцю. Праз сваю дзейнасць, разнастайныя праекты на дыяцэзіяльным і міжнародным ўзроўнях «Caritas» імкнецца таксама змагацца з вынікамі ўбоства: алкагалізмам, наркаманіяй i злачыннасцю.

У вызваленні выбранага народу з егіпецкай няволі Бог паслужыўся Майсеем. Сёння Бог таксама карыстаецца людзьмі, сабранымі ў розных касцёльных арганізацыях, каб вывесці чалавека «з гэтай зямлі ў зямлю добрую і прасторную, дзе сочыцца малако і мёд» (Зых 3, 13).

Сёстры і браты! Ніводная дзейнасць, якая вядзецца ў межах Каталіцкага Касцёла, асабліва ў «Caritas», не была б плённай, калі б не дапамога добрых людзей з-за мяжы, а таксама Вашая ахвярнасць. Таму сёння заахвочваем Вас быць шчодрымі ў ахвярах, якія будуць збірацца ва ўсіх касцёлах для барацьбы з беднасцю, якая існуе ў нашым грамадстве. Гэта праўда, што мы не знішчым убоства да канца, аднак разумеем, што такім чынам нейкая частка нашага грамадства зможа жыць больш годна, бяспечна i шчасліва, чым да гэтага часу.

Бог, які з’явіўся Майсею, Бог Абрагама, Ісаака i Бог Якуба ёсць пачаткам i канцом усяго. Як калісьці Ён паслаў Майсея, так сёння пасылае нас рабіць для чалавека «зямлю добрую і прасторную, дзе сочыцца малако і мёд». Няхай Езус Хрыстус, які «для нас стаў убогім, каб нас узбагаціць сваім убоствам», падтрымлівае Вас на кожным кроку дзеля дабра кожнага чалавека i ўсяго грамадства.

Ад усяго сэрца ўсіх Вас благаслаўляем
Каталіцкія Біскупы Беларусі

Мінск, 18.02.2010

Біскуп Антоній Дзям’янка
Генеральны Сакратар ККББ
Старшыня Рады па Справах Дабрачыннасці,
Міру і Справядлівасці
 
_______________
Гэты ліст трэба прачытаць ва ўсіх касцёлах нашай краіны ў III Нядзелю Вялікага посту, 7 сакавіка 2010 г.
Адноўлена 25.02.2010 16:31
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Дакументы Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

04.05 16:28Паведамленне з 65-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
02.03 16:36Паведамленне з 64-га пленарнага (пазачарговага) пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
12.10 17:58Паведамленне з 63-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
05.07 18:11Паведамленне Старшыні ККББ наконт правядзення Брацтвам св. Пія Х рэкалекцый па метадзе св. Ігнацыя Лаёлы
24.05 15:07Зварот Каталіцкіх Біскупаў Беларусі аб правядзенні Дня перапрашэння (+Набажэнства перапрашэння)
04.02 22:01Паведамленне з 61-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
30.11 14:26Паведамленне ККББ аб правядзенні Дня малітвы за тых, хто дапамагае Касцёлу на Усходзе
21.11 15:49Паведамленне Старшынi Канферэнцыi Каталiцкiх Бiскупаў у Беларусi аб Імшы развітання з арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці
28.10 16:38Паведамленне з 60-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
03.06 17:02Паведамленне з 59-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі