Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Пастырскі ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на VI Нацыянальны дзень «Caritas»
Любоў і пакора — гэта прынцып дзейнасці

«Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго.
Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго» (пар. Ян 13, 34).


Дарагія браты і сёстры ў Хрысце Пану!

Сёння, у трэцюю нядзелю Вялікага посту, мы хочам запрасіць вас у Вячэрнік, дзе Пан Езус разам з Апосталамі спажываў Апошнюю Вячэру. Як у запрошаных гасцей, у нас ёсць магчымасць паслухаць размову Хрыста з Апосталамі, мы можам убачыць, як Ён мые ім ногі, а потым прамаўляе да іх: «Новую запаведзь даю вам, каб вы любілі адзін аднаго. Як Я палюбіў вас, так і вы любіце адзін аднаго» (пар. Ян 13, 34). Можна ўявіць, як збянтэжыліся Апосталы.

Напэўна, некаторыя з іх маглі абурыцца, бо Той, хто быў іх Настаўнікам, каму яны паверылі, сёння гаворыць ім, што запаведзь любові — гэта штосьці новае. Той, з кім яны елі і пілі, гаворыць ім, што яны не ведаюць таго, што звычайна называецца любоўю да бліжняга. Не звяртаючы на гэта ўвагі, Езус працягвае далей: «Па гэтым пазнаюць, што вы Мае вучні, калі будзеце мець любоў адзін да аднаго» (пар. Ян 13, 35).

Пан Езус не толькі гаварыў Апосталам пра любоў да іншага чалавека, але перш за ўсё ўласным прыкладам паказваў, як рэалізоўваць гэтую любоў у штодзённым жыцці. Дарагія браты і сёстры, прыгадаем сцэну з жанчынаю-блудніцаю, якую прывялі да Езуса. Памятаем, што ўсе тады пагардзілі ёю, а Езус паставіўся да яе з пашанаю, дабрынёю і спагадаю. А калі да Яго прыйшлі фарысеі і падступна пыталіся: «Ці трэба плаціць падатак, ці не трэба?» — Ён зразумеў іх няшчырыя намеры і, нягледзячы на гэта, прыхільна і сур’ёзна адказаў на пастаўленае пытанне (пар. Мц 22, 15–22).

Той жа заклік любові да бліжняга Езус таксама скіраваў і да нас. А дасканалым прыкладам рэалізацыі гэтай запаведзі Ён назваў самога сябе. З таго часу чалавек вучыцца нанава адкрываць тое, як жыць паводле найважнейшай запаведзі, пакінутай яму Езусам. Гэтаму вучыліся Апосталы, і сёння яны даюць нам неацэнныя падказкі і парады адносна нашых узаемаадносінаў з іншымі людзьмі. У Год святога апостала Паўла мы заахвочваем вас паслухаць парады, з якімі ён звяртаўся да першых касцёльных супольнасцяў. Такія словы ён скіраваў да Рымлянаў: «Старайцеся рабіць дабро ўсім людзям... Радуйцеся з тымі, хто радуецца, плачце з тымі, хто плача. Будзьце аднамысныя паміж сабою; не мудруйце празмерна, але наследуйце пакорных. ... » (пар. Рым 12, 15–16).

Толькі такія ўчынкі пакажуць нам шлях да іншых людзей. Чым больш у нас будзе пакоры, тым больш чалавечых сэрцаў будзе для нас адкрыта. Чым больш у нас будзе дабрыні і спагады, тым больш будзе ўпэўненасці ў тым, што да нас прыйдуць  людзі, якім патрэбна наша дапамога. А чым больш у нас будзе весялосці і радасці, тым больш мы знойдзем людзей, якія павялічаць нашую радасць. Менавіта гэтага чакае ад нас Пан Езус: быць з тымі, хто радасны, хто сумны, хто пакуте ад няшчасця і голаду, і з тымі, хто багаты душою і сэрцам. Такой любові да бліжняга вучыць нас Боскі Настаўнік, бо мы сапраўды больш патрэбныя бедным, галодным, сумным і хворым людзям. Па прыкладзе Езуса Хрыста мы пасланыя менавіта да тых людзей, якіх Ён найбольш палюбіў.

Гэта людзі, якія па-рознаму пакрыўджаныя лёсам, якія чакаюць, што хтосьці працягне ім руку дапамогі. Менавіта да іх мы пасланыя з любоўю і пакораю, якія павінны быць асноваю дзейнасці кожнага хрысціяніна. Пра гэтую дзейнасць, якая адкрывае нам шлях да служэння бедным і хворым, гаворыць святы апостал Павел: «Не думайце пра сябе лепш, чым трэба думаць, але ацэньвайце сябе цвяроза, паводле меры, удзеленай кожнаму Богам веры. ... Так, паводле дадзенай ласкі, маем розныя дары: (...) калі гэта размеркаванне — мы павінны раздаваць у прастаце; (...) калі міласэрнасць — быць ласкавымі. Любоў няхай будзе некрывадушная. Майце нянавісць да зла, гарніцеся да дабра» (пар. Рым 12, 3–9).

Праз любоў і пакору кожны хрысціянін пакліканы служыць бліжнім, а асабліва тым, каму найбольш патрэбная дапамога. У Касцёле ёсць таксама арганізацыі, галоўная задача якіх заключаецца ў дапамозе бедным, абяздоленым, хворым, тым, хто знаходзіцца ў палоне залежнасці, а таксама ўсім адкінутым грамадствам.

«Caritas» — гэта дабрачыннае каталіцкае таварыства, якое ўжо шмат гадоў аказвае дапамогу такім людзям. Дзякуючы «Caritas» шмат людзей, якія не маюць дастатковых фінансавых сродкаў, каб жыць годна, атрымліваюць адзенне і прадукты харчавання. Дзякуючы «Caritas» сотні дзяцей, бацькі якіх не могуць забяспечыць належны адпачынак, могуць адпачываць бясплатна. Немагчыма пералічыць усёй дабрачыннай дзейнасці, якую вядзе «Caritas». Аднак заўсёды трэба памятаць, што гэта адбываецца дзякуючы шчодрасці людзей усяго свету, якія рознымі ахвяраваннямі спрыяюць таму, каб дабрачыннае таварыства «Caritas» магло прыходзіць на дапамогу найбольш незабяспечаным людзям.

Сёння мы жадаем падзякаваць усім тым, хто якім-небудзь чынам аказвае дапамогу бедным і людзям у патрэбе. Няхай заахвочваннем на далейшае служэнне дзеля слабых, бедных, найбольш самотных і адкінутых грамадствам будуць словы святога апостала Паўла, які гаворыць пра ўзаемную любоў: «Сам Бог і Айцец і наш Пан Езус няхай скіруе да вас шлях наш. А вас няхай памножыць Пан і перапоўніць любоўю адзін да аднаго і да ўсіх, якую і мы маем да вас; каб умацаваць сэрцы вашыя беззаганнымі ў святасці перад Богам і Айцом нашым у час прыйсця Пана нашага, Езуса, з усімі Ягонымі святымі» (пар. 1 Тэс 3, 11–13).  

Ад усяго сэрца  усіх благаслаўляем.

Каталіцкія біскупы Беларусі
Мінск, 9 лютага 2009 года
Адноўлена 13.07.2009 16:04
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Дакументы Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

02.03 16:36Паведамленне з 64-га пленарнага (пазачарговага) пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
12.10 17:58Паведамленне з 63-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
05.07 18:11Паведамленне Старшыні ККББ наконт правядзення Брацтвам св. Пія Х рэкалекцый па метадзе св. Ігнацыя Лаёлы
24.05 15:07Зварот Каталіцкіх Біскупаў Беларусі аб правядзенні Дня перапрашэння (+Набажэнства перапрашэння)
04.02 22:01Паведамленне з 61-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
30.11 14:26Паведамленне ККББ аб правядзенні Дня малітвы за тых, хто дапамагае Касцёлу на Усходзе
21.11 15:49Паведамленне Старшынi Канферэнцыi Каталiцкiх Бiскупаў у Беларусi аб Імшы развітання з арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці
28.10 16:38Паведамленне з 60-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
03.06 17:02Паведамленне з 59-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
05.12 18:34Паведамленне з 58-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі