Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пастырскі ліст Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі на Дзень малітваў аб пакліканнях

У Евангеллі паводле святога Мацвея гаворыцца, што Езус, паглядзеўшы на натоўпы людзей, якія ішлі за Ім, убачыў, што яны былі знясіленыя і пакінутыя, нібы авечкі, якія не маюць пастыра, і таму скіраваў да сваіх вучняў такія словы: «Маліце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво сваё» (Мц 9, 38). Гэта не проста заклік да малітвы, а наказ, скіраваны да сумлення ўсіх ахрышчаных. Адказваючы на гэты заклік Добрага Пастыра, мы сёння жадаем ва ўсім Касцёле на Беларусі звярнуцца з палымянымі просьбамі да Гаспадара жніва — да Бога, — ад якога паходзяць кожнае пакліканне і ўсе чалавечыя намеры, каб моцаю Святога Духа натхніў маладыя і высакародныя сэрцы дзяўчатаў і хлопцаў на выбар адзінай і найпрыгажэйшай Любові — Бога, а таксама на велікадушнае і поўнае прысвячэнне свайго жыцця працы ў вінаградніку Пана.

Мы ўзносім нашыя малітвы ў еднасці з усім паўсюдным Касцёлам, які ў чацвертую Велікодную нядзелю — нядзелю Добрага Пастыра, адзначае Дзень малітваў аб пакліканнях, устаноўлены Папам Паўлам VI 23 студзеня 1964 г. падчас Другога Ватыканскага Сабору. Святы Айцец жадаў, каб адна з нядзеляў Велікоднага перыяду была прысвечана малітвам аб пакліканнях да святарства і кансэкраванага жыцця і разважанню пра таямніцу паклікання. Выбіраючы для гэтага нядзелю паміж урачыстасцямі Змёртвыхпаўстання Пана і Спаслання Духа Святога, Папа Павел VI падкрэслівае, што пакліканне бярэ выток у таямніцы Уваскрасення, а сваёй паўнаты дасягае моцаю Святога Духа, якога апосталы прынялі ў дзень Пяцідзесятніцы.

Езус Хрыстус, уцелаўлёны Бог, Адкупіцель чалавецтва, сказаў пра сябе: «Я — добры пастыр. Добры пастыр аддае жыццё сваё за авечак» (Ян 10, 11). У гэтых словах Пан Езус праводзіць паралель з біблейскім матывам пастыра і авечак. Юдэі назвалі Бога пастырам Ізраэля. Шырока вядомыя словы псальму: «Пан — мой пастыр, ні ў чым не буду мець нястачы» (Пс 23 (22), 1). Ізраэліты былі жывёлаводамі, таму гэтая вобразная аналогія, узятая са штодзённага жыцця, была для іх вельмі красамоўнай. З пастырамі параўноўваліся таксама выбраныя і ўстаноўленыя Богам правадыры народа. Вось што Бог вуснамі прарока Ераміі абяцае выбранаму народу: «Я дам вам пастыраў паводле Майго сэрца, і яны будуць пасвіць вас мудра і разважліва» (Ер 3, 15). Наогул, пастыр — гэта той, хто клапоціцца пра статак, сцеражэ яго, вядзе на пашы і да патокаў вады. Хрыстус пашырае значэнне гэтага слова: пастыр — гэта той, хто аддае жыццё сваё за авечак (пар. Ян 10, 11–18). Такім павінен быць добры пастыр, якога Езус адрознівае ад найміта, што не клапоціцца пра авечак. Менавіта такі сам Езус — першаўзор і прыклад добрага пастыра. Ён, пасланы Айцом, ахвяраваў на крыжы сваё жыццё, каб ніводзін чалавек не загінуў, але меў паўнату вечнага жыцця.

У Вялікі чацвер, напярэдадні сваёй смерці, Езус Хрыстус устанавіў знак сваёй таямнічай прысутнасці сярод народа новага Запавету і даручыў актуалізаваць і працягваць сваю збаўчую справу выбраным апосталам, якія павінны былі дзейнічаць ад Яго імя і Яго моцаю. Езус застаўся з намі на ўсе дні аж да сканчэння свету (пар. Мц 28, 20), а вымаўляючы словы «Ідзіце і навучайце ўсе народы» (Мц 28, 19), паслаў сваіх вучняў па ўсім свеце, жадаючы, каб праз іх служэнне Добрая Навіна і збаўчая моц дасягнула ажно да краёў зямлі. Місія Хрыста працягваецца ў гісторыі ў служэнні пастыраў, якім Ён даручае сваіх авечак. Ужо амаль дзве тысячы гадоў, як і падчас свайго зямнога жыцця ў чалавечым целе, Хрыстус скіроўвае да сэрца і розуму многіх людзей свой заклік «Ідзі за Мною!» (Мк 2, 14).

Часта так здараецца, што гэты заклік, які з’яўляецца прапановаю жыццёвага шляху, з’яўляецца неспадзяваным і незразумелым. Падобна, як гэта было з апосталамі, Бог кліча і выбірае тых, каго сам пажадае, не звяртаючы ўвагі на асобу. Святы апостал Павел піша ў сваім лісце да карынцянаў, што Пан, даючы пакліканне, не звяртае ўвагі на мудрасць у вачах людзей, матэрыяльны дабрабыт ці паходжанне, але выбірае зусім па-іншаму, каб мы не ганарыліся перад Богам (пар. 1 Кар 26 – 29). Бог сам выбірае і здзіўляе… Прыкладам такога выбару можа для нас служыць гісторыя Давіда. Прарок Самуэль, пасланы ў Бэтлеем, увайшоў у дом Есэя, каб там выбраць і намасціць аднаго з ягоных сыноў на цара. Першым ён убачыў Эліява і падумаў, што гэта ён з’яўляецца памазаннікам Пана. Аднак падчас малітвы Пан сказаў Самуэлю не звяртаць увагі на ягоны выгляд і высокі рост, бо Бог глядзіць інакш, чым чалавек. Бог глядзіць на сэрца, а чалавек — на тое, што можна ўбачыць вачыма; яшчэ доўга памыляўся Самуэль, пакуль, нарэшце, не знайшоў Давіда, якім напачатку ўвогуле не цікавіліся: у той час ён працаваў, пасучы авечак (пар. 1 Сам 16, 4–12). Не выключана, што калі б самі вернікі або святары скіроўвалі кандыдатаў у семінарыю ці ў ордэн, то шмат абраннікаў Божых не мелі б ніякага шанцу.

Слуга Божы Ян Павел ІІ, разважаючы над гісторыяй свайго святарства, коратка і ёміста абагульніў сэнс і значэнне паклікання да служэння Богу і людзям у Касцёле. Вялікі Папа назваў гэта «Дарам і Таямніцаю». І сапраўды, кожнае пакліканне да святарскага жыцця, да манаства ці да місіянерскага служэння з’яўляецца дарам Бога, якога ніякім чынам немагчыма заслужыць. Чалавек не можа па сваёй ініцыятыве ступіць на шлях паклікання. Яно застаецца таксама поўнаю таямніцаю міласэрнай любові Бога да чалавека, якога Ён запрашае да асаблівага ўдзелу ў сваёй місіі і дае ў яго рукі моц сваёй прысутнасці ў Касцёле. Ніякім чынам немагчыма зразумець, ані растлумачыць гэтай таямніцы. Перад гэтым Божым дарам і таямніцаю чалавек можа толькі з пакораю ўсклікнуць разам з Псальмістам: «Чым аддзячу я Пану за ўсе дабрадзействы Яго для мяне? Келіх збаўлення ўзніму і буду заклікаць імя Пана» (Пс 116В (115), 12–13). Насамрэч, кожнае пакліканне з’яўляецца сустрэчаю дзвюх свабодаў: свабоды Бога, які кліча, і свабоды чалавека, які адказвае Богу «так» або «не».

Сёння мы таксама дзякуем Пану Богу за дар святарскіх і манаскіх пакліканняў на нашай беларускай зямлі. Як жа шмат тых, хто ў цяжкія часы панавання атэістычнага рэжыму мужна адказаў на голас паклікання, пераадольваючы разнастайныя перашкоды і не адступаючы перад заплохваннем і пераследам. Доўгія гады чакалі яны дазволу на тое, каб паступіць у семінарыю, або таемна рыхтаваліся да апостальскага служэння. Дзякуем Пану Богу за гады ахвярнай і трывалай працы святароў і кансэкраваных асобаў, якія ўжо адышлі да Пана. Вялікім жывым знакам пастырскай адданасці з’яўляецца для нас Сведка веры кардынал Казімір Свёнтэк.

Дзякуем Пану Богу таксама за малодшае пакаленне хрыстовых апосталаў; за тых, хто рыхтаваўся да душпастырскай дзейнасці за межамі Беларусі і на нашай зямлі. Мы адчуваем вялікую радасць ад плёну дзейнасці семінарый у Гродне і Пінску, а таксама ад развіцця супольнасцяў кансэкраванага жыцця. Аднак у апошнія гады назіраецца невялікае змяншэнне колькасці пакліканняў. Прычыну гэтага мы ў пэўнай ступені бачым у змяншэнні натуральнага прыросту насельніцтва, а таксама ў секулярызацыі жыцця вернікаў і ў наступствах атэістычнай сістэмы. Сапраўды, цяжка пачуць голас паклікання там, дзе справы веры і рэлігійнага жыцця адыходзяць на другі план, а такія каштоўнасці, як самаадрачэнне і ахвярнасць сёння «не ў модзе».

Заклік Езуса да малітвы аб пакліканнях сведчыць пра адказнасць усіх вернікаў за дапамогу ў распазнанні і абуджэнні пакліканняў. Мы звяртаемся перадусім да бацькоў, каб у сваіх сем’ях будавалі хатні Касцёл, дзе маладое пакаленне зможа пачуць бязгучны голас Хрыста, які кліча да святога служэння. Менавіта бацькі з’яўляюцца для сваіх дзяцей тымі першымі «азбукамі» і «катэхізісамі», з разгорнутых старонак якіх дзеці пазнаюць праўду пра Бога і навакольны свет, у тым ліку пра вышэйшыя каштоўнасці, пра святасць, пра ўзнёсласць святарскага і манаскага пакліканняў. Мы заклікаем бацькоў усіх дзяцей, якія чуюць голас Божага паклікання, ахвотна і велікадушна дапамагаць ім яго правільна зразумець і ўвасобіць у жыццё.

Мы звяртаемся да святароў з просьбаю свядома і актыўна дзейнічаць у сферы душпастырства пакліканняў, а перадусім святасцю і радасцю свайго асабістага жыцця сведчыць пра прыгажосць і прывабнасць жыцця ў святарстве.

Кансэкраваных асобаў мы просім быць у мясцовых супольнасцях жывымі сведкамі прысутнасці сярод нас Уваскрослага Пана.

Усіх свецкіх вернікаў мы заахвочваем няспынна маліцца аб пакліканнях, бо сапраўды жніво ў Касцёле вялікае, а работнікаў на ім усё яшчэ мала (пар. Мц 9, 36–37). Моладзь, поўную юнацкага запалу, мы заклікаем не прыстасоўвацца да гэтага свету, але ў малітве ўсклікаць: «Кажы, Пане, бо жадае пачуць Цябе слуга Твой» (пар. Рым 12,2; 1 Сам 3, 9).

На заканчэнне ўсе разам просім Пана Бога: Добры Пастыру, Гаспадару жніва, абудзі ў нашым народзе шмат палымяных пакліканняў да святарства, манаства і місіянерскага служэння, каб Тваю любоў удзялялі ўсё больш адданых Табе работнікаў Твайго вінаградніка.

Каталіцкія Біскупы Беларусі

Адноўлена 13.07.2009 15:36
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Дакументы Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

04.05 16:28Паведамленне з 65-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
02.03 16:36Паведамленне з 64-га пленарнага (пазачарговага) пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
12.10 17:58Паведамленне з 63-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
05.07 18:11Паведамленне Старшыні ККББ наконт правядзення Брацтвам св. Пія Х рэкалекцый па метадзе св. Ігнацыя Лаёлы
24.05 15:07Зварот Каталіцкіх Біскупаў Беларусі аб правядзенні Дня перапрашэння (+Набажэнства перапрашэння)
04.02 22:01Паведамленне з 61-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
30.11 14:26Паведамленне ККББ аб правядзенні Дня малітвы за тых, хто дапамагае Касцёлу на Усходзе
21.11 15:49Паведамленне Старшынi Канферэнцыi Каталiцкiх Бiскупаў у Беларусi аб Імшы развітання з арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці
28.10 16:38Паведамленне з 60-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
03.06 17:02Паведамленне з 59-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі