Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Пасланне біскупа Антонія Дзям’янкі, Апостальскага Адміністратара Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі

Умілаваныя браты і сёстры ў Хрысце Пану!

14 чэрвеня г. г. Папа Бэнэдыкт XVI прызначыў мяне Апостальскім Адміністратарам Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. Я ўдзячны Святому Айцу за давераную мне ганаровую пасаду ў Мінска-Магілёўскім Касцёле, у якім на пачатку мінулага стагоддзя працаваў Слуга Божы Зыгмунт Лазінскі — біскуп, які адзначаўся святасцю жыцця, — а на пераломе тысячагоддзяў гэтую паслугу выконваў кардынал Казімір Свёнтэк, fidei testis. Мы ўдзячныя яму за сведчанне святарскай веры ў сталінскіх гулагах і на кожным месцы ягонага служэння Богу і людзям.

Асаблівую падзяку хачу выказаць Апостальскаму Нунцыю ў Беларусі арцыбіскупу Марціну Відавічу за яго добразычлівасць і бацькоўскі клопат.

На пачатку свайго служэння ў якасці Апостальскага Адміністратара я звяртаюся з просьбай аб малітоўнай падтрымцы да цябе, Народ Божы, каб у Мінска-Магілёўскім Касцёле я служыў дзеля большай хвалы Бога, Адзінага ў Святой Тройцы, і дзеля дабра вернікаў, даручаных пастырскаму клопату біскупа. Прашу аб малітве дзяцей, моладзь, сем’і, а перадусім людзей хворых і тых, хто ў патрэбе, — праз сваё цярпенне яны знаходзяцца бліжэй за ўсіх да крыжа Хрыстовага. Я разлічваю на дапамогу і супрацоўніцтва тых, хто выконвае разнастайныя абавязкі ў нашым грамадстве. Спадзяюся, што нашыя супольныя намаганні — нягледзячы на няпростыя выклікі, якія ставіць сучасны свет, — будуць садзейнічаць умацаванню цывілізацыі жыцця і любові.

Звяртаюся з просьбаю аб малітве да ўсіх святароў Мінска-Магілёўскага Касцёла, да законнікаў і сясцёр законных, дыяканаў, алюмнаў духоўных семінарый. Я разлічваю на вашую падтрымку ў маім служэнні, каб мы разам ішлі шляхам святасці і дапамагалі іншым імкнуцца да яе.

Разам з вамі ўсімі я хачу ісці шляхам веры пілігрыма пад апекай Марыі, Маці Езуса Хрыста — Маці Божай Будслаўскай, Маці Божай Вастрабрамскай, Маці Божай Чэнстахоўскай...

Мой біскупскі заклік «Ut unum sint» («Каб усе былі адно») я буду і надалей рэалізоўваць. Дзеля таго, каб нас яднаў Езус Хрыстус — наш Пан і Збаўца, каб мы ўсе былі адной сям’ёй Божых дзяцей. Няхай Пан учыніць нас прыладай свайго супакою, каб мы, як заклікаў святы Францішак Асізскі, «сеялі любоў там, дзе пануе нянавісць, прабачэнне — там, дзе пануе крыўда, еднасць — там, дзе пануе разлад, надзею — там, дзе пануе роспач, святло — там, дзе пануе цемра, радасць — там, дзе пануе смутак. (...) Каб мы маглі не столькі шукаць суцяшэння, колькі суцяшаць, не столькі шукаць разумення, колькі разумець, не столькі шукаць любові, колькі любіць, бо, калі даём — мы атрымліваем, калі прабачаем — атрымліваем прабачэнне, а калі паміраем — нараджаемся для вечнага жыцця праз Езуса Хрыста, Пана нашага».

Езус Хрыстус да сваіх вучняў скіраваў наступнае пасланне: «Ідзіце і навучайце ўсе народы (...). Вучыце іх захоўваць усё, што Я загадаў вам. І вось Я з вамі ва ўсе дні аж да сканчэння веку» (Мц 28, 20). Гэтае пасланне і мы павінны выконваць у Духу Хрыстовага Евангелля, і тады настане а+дна Аўчарня і Адзін Пастыр.

На плённае абвяшчэнне Добрай Навіны ад усяго сэрца благаслаўляю.

Адноўлена 13.07.2009 15:21
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.

Дакументы Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі

04.05 16:28Паведамленне з 65-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
02.03 16:36Паведамленне з 64-га пленарнага (пазачарговага) пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
12.10 17:58Паведамленне з 63-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
05.07 18:11Паведамленне Старшыні ККББ наконт правядзення Брацтвам св. Пія Х рэкалекцый па метадзе св. Ігнацыя Лаёлы
24.05 15:07Зварот Каталіцкіх Біскупаў Беларусі аб правядзенні Дня перапрашэння (+Набажэнства перапрашэння)
04.02 22:01Паведамленне з 61-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
30.11 14:26Паведамленне ККББ аб правядзенні Дня малітвы за тых, хто дапамагае Касцёлу на Усходзе
21.11 15:49Паведамленне Старшынi Канферэнцыi Каталiцкiх Бiскупаў у Беларусi аб Імшы развітання з арцыбіскупам Клаўдыё Гуджэроцці
28.10 16:38Паведамленне з 60-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі
03.06 17:02Паведамленне з 59-га пленарнага пасяджэння Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі