Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Шанштацкая справа сем’яў

Глыбокія і імклівыя перамены, якія адбыліся ў апошнім стагоддзі як у грамадскай, так і ў культурнай сферах, сталі прычынаю няўпэўненасці і разгубленасці многіх сем’яў. Сярод паўсядзённасці хрысціянскія сужэнцы затрымліваюцца на пасрэднасці, не заўважаючы вялікага багацця ласкі, якое нясе з сабою заключэнне сакрамэнтальнага сужэнскага саюза. Таму з’явілася вострая неабходнасць душпастырскага клопату Касцёла, а таксама належнай і поўнай сужэнскай фармацыі, каб сужэнцы былі тым, кім павінны быць згодна з Божай задумай.

Другі Ватыканскі Сабор шмат увагі прысвяціў тэматыцы сужэнства як спецыфічнага шляху да святасці. У дакументах Сабору чытаем: «Для ўсіх зразумела, што ўсе хрысціяне, якое б сацыяльнае становішча і прафесію яны не мелі б, пакліканыя да поўні хрысціянскага жыцця і да дасканаласці ў любові».

Дакументы Касцёла апошніх гадоў указваюць на «недамаганні» сучаснай сям’і. «Сёння сям’я, — піша Ян Павел ІІ, — знаходзіцца пад уплывам вялікіх, глыбокіх і імклівых грамадскіх і культурных пераменаў. Многія сем’і перажываюць гэта, захоўваючы вернасць тым каштоўнасцям, якія складаюць фундамент інстытута сям’і. Іншыя — аказаліся ў стане няўпэўненасці і разгубленасці адносна сваіх заданняў, а часам нават засумняваліся і амаль страцілі ўсведамленне праўдаў пра сужэнскае і сямейнае жыццё і іх канчатковае значэнне. А іншыя, у выніку спазнаных несправядлівасцяў, сутыкаюцца з перашкодамі ў выкарыстанні сваіх асноўных правоў».

Ян Павел ІІ звяртаецца да гэтай праблемы таксама ў Лісце да сем’яў. «Не раз бывае цяжка супраціўляцца перакананню ў тым, — піша Папа, — што робіцца ўсё, каб тое, што з’яўляецца „неналежнай сітуацыяй“, што пярэчыць „праўдзе і любові“ ва ўзаемаадносінах паміж мужчынамі і жанчынамі, што разбівае еднасць сем’яў, не зважаючы на сумныя вынікі, асабліва калі гаворка ідзе пра дзяцей, — каб усё гэта паказаць як „належнае“ і прывабнае, надаючы яму знешнюю захапляльнасць. Такім чынам заглушаецца чалавечае сумленне, дэфармуецца тое, што сапраўды добрае і прыгожае, а чалавечая свабода прыносіцца ў ахвяру сапраўднаму зняволенню».

Для таго, каб каталіцкае сужэнства магло споўніць сваё пакліканне да святасці ў сённяшнім свеце, безумоўна, неабходна выпрацаваць новую мадэль, пра якую Папа Ян Павел ІІ гаварыў у сваёй гаміліі да сем’яў падчас пілігрымкі ў Польшчу. Гэта мадэль Аркі Запавету з Богам у Хрысце.

Да выпрацавання такой мадэлі сужэнства як Аркі Запавету звяртаецца ў сваіх духоўных прынцыпах Марыйны апостальскі рух з Шанштата, заснаваны 18 кастрычніка 1914 года Слугой Божым ксяндзом Ёзафам Кэнтэніхам.

У Марыйным апостальскім руху з Шанштата, які названы па месцы ўзнікнення Шанштацкім рухам, асаблівае месца займае сям’я. Мэтай руху з’яўляецца маральна-рэлігійнае аднаўленне свету праз выхаванне з дапамогай Маці Божай новага чалавека ў новым хрысціянскім грамадстве. Дасягненне апостальскай мэты руху заснавальнік звязваў з аднаўленнем хрысціянскай сям’і. Гэта праяўляецца ў тым, што Шанштацкі рух распрацаваў для сем’яў марыйную духоўнасць і дзякуючы адпаведнай фармацыі рух садзейнічае развіццю і будаванню моцных сямейных сувязяў.

Ідэя «новага чалавека і новага грамадства», пра якую кажа айцец Кэнтэніх, мае свае біблейскія падставы: «Калі хто ў Хрысце, той новае стварэнне» (2 Кар 5, 17). Гэты ідэал асабліва бачны ў выпадку сакрамэнтальнага сужэнства. Для членаў Шанштацкага руху асновай духоўнасці з’яўляюцца марыйная фармацыя, імкненне да святасці ў штодзённым жыцці, а таксама шлях духоўнай дзіцячасці.

Разглядаючы сужэнства як адзін з шляхоў імкнення да хрысціянскай дасканаласці, Шанштацкі рух прапануе марыйную фармацыю, якая абапіраецца на Запавет любові з Маці Божай Тройчы Дзівоснай. Марыйная фармацыя ў Шанштацкім руху скіравана на сфармаванне марыйнага стылю жыцця асобы — новага чалавека — у апоры на моцны фундамент, якім з’яўляецца не нейкая ідэя, а асоба Езуса Хрыста. Крыніцай выхавання новага чалавека ў Шанштацкім руху з’яўляецца сапраўдная любоў да Маці Божай. Марыя, будучы прыкладам новага чалавека, з’яўляецца адначасова яго Выхавальніцай. Таму: «Марыя ідзе праз свет як вялікая Выхавальніца людзей. Яна жадае ўсюды нанава нараджаць Хрыста і такім чынам ратаваць хрысціянскую індывідуальнасць, якая знаходзіцца пад пагрозай, разбураны парадак свету і чалавечае грамадства».

Марыя, якую ў Шанштацкім руху ўшаноўваюць як Маці Тройчы Дзівосную, асаблівым чынам спаўняе гэтае заданне з Шанштацкага санктуарыя. Праз даверлівае прысвячэнне і даручэнне сябе Марыі, а праз Яе — Богу, адбываецца выхаванне хрысціянскай індывідуальнасці. Марыйнае выхаванне запэўнівае сувязь з Марыяй, якая ў выніку вядзе да глыбокай сувязі з Богам Айцом, Хрыстом і Духам Святым.

Сужэнцы, якія прымаюць рашэнне належаць да Справы сем’яў, заключаюць з Маці Божай Тройчы Дзівоснай Запавет любові. Моцаю гэтага запавету яны становяцца раўнапраўнымі партнёрамі запавету любові, які існуе паміж імі, і як адна супольнасць становяцца партнёрамі запавету з Богам. З гэтага запавету вынікае для іх заданне нястомна ўдасканальваць сваю любоў і будаваць сваю непаўторную сувязь з Богам.

Запавет Любові ў Шанштацкім руху мае глыбокія карані ў біблейскім запавеце Бога з чалавецтвам.

«У гісторыі збаўлення Бог ёсць Богам Запавету», — кажа айцец Кэнтэніх. Запавет любові, як і запавет усіх хрысціянаў, чэрпае сваю духоўную моц са святога хросту і на яго абапіраецца. Таму што сэнсам і мэтай Запавету любові з’яўляецца жывы запавет са Святой Тройцай.

Паводле задумы айца Кэнтэніха сям’я была цэнтральнай супольнасцю, якой павінен быў служыць заснаваны ім Шанштацкі рух. Гаворачы пра заснаванне Справы сем’яў, ён усведамляў, што якімі будуць сем’і, такім будзе ў будучыні вобраз Касцёла і грамадства. Ён заахвочваў да мабілізацыі ўсіх сіл у накірунку арганізацыі руху, які прапагандаваў бы ідэал каталіцкага сужэнства, згоднага з задумаю Бога, і паказваў яго свету. На думку заснавальніка, Шанштацкая справа сем’яў рэалізуе мэту ўсяго Шанштацкага руху — новы чалавек і новае грамадства, — імкнучыся сфармаваць новы вобраз айца, маці і дзіцяці. Аднак для таго, каб сфармаваць новы вобраз сям’і, неабходна належным чынам разумець сам сакрамэнт сужэнства.

Ідэал адноўленай хрысціянскай духоўнасці айцец Кэнтэніх бачыў у Назарэцкай Сям’і. Святая Сям’я з Назарэта стала для яго натхненнем да заснавання такой супольнасці, якая была б здольнай сфармаваць у сваіх шэрагах новы вобраз мужчыны-айца і новы вобраз жанчыны-маці. Прыклад гэтага «новага чалавека» ён бачыў у Марыі — новай Еве. Марыйная фармацыя ў Шанштацкім руху павінна дапамагчы сужэнцам у стварэнні «новай супольнасці», сфармаванай па прыкладзе таямніцы Святой Тройцы.

У сакавіку 1942 года айцец Кэнтэніх апынуўся ў лагеры Дахаў. Падчас зняволення яго не пакідаюць думкі пра далейшую апостальскую працу. Павольна даспяваў план заснавання Справы сем’яў. У свята Маці Божай з гары Кармэль 16 ліпеня 1942 года айцец Кэнтэніх у Дахаў прыняў Акт запавету любові, які склаў адзін са зняволеных у лагеры, такім чынам быў пакладзены пачатак Справе сем’яў. Пасля заканчэння вайны і вяртання ў Шанштат айцец Кэнтэніх надалей нястомна працуе над арганізацыяй Справы сем’яў. Матывацыяй для яго былі распазнаваныя «знакі часу». На фоне розных гістарычных пераменаў, якія адбываліся ў свеце, заснавальнік бачыў неабходнасць змяніць таксама і тагачаснае разуменне сужэнства, сям’і і жанчыны. Аднаўлення патрабавалі таксама аўтарытэт бацькоўства і ўяўленне аб месцы дзіцяці ў сям’і.

Шанштацкая справа сем’яў дапамагае сужэнцам найперш у ясным і глыбокім пазнанні маральнага парадку ў сужэнскім жыцці, каб пазней, учытваючыся ў вучэнне Настаўніцкага інстытуту Касцёла, самі сужэнцы лепей пазнавалі Божую задуму адносна святасці перадачы жыцця і адказнасці за яе. Заключаючы Запавет любові, сужэнцы імкнуцца да таго, каб не толькі ўшаноўваць Маці Божую, як прыклад, але таксама спазнаваць Яе дапамогу ў штодзённым сужэнскім жыцці. Маці Божая, найглыбей з’яднаная з Богам, уводзіць сужэнцаў у дасканалы запавет з Богам. Яны становяцца жывым санктуарыем — месцам, прысвечаным Богу.

Запавет любові з’яўляецца гарантыяй для чалавечай, часта нетрывалай любові маладых. Сужэнская любоў, давераная Марыі, гэта ўжо не прыватная любоў дзвюх асобаў, яна свядома скіроўваецца імі на любоў да Бога. Прысвячэнне сябе ў Запавеце любові прадугледжвае як умову запавету імкненне да ідэалу мужчыны і жанчыны. Сужэнцы чакаюць у гэтым асаблівай дапамогі Маці Божай. Марыя, знаходзячыся найбліжэй да Хрыста, як некалі ў Кане Галілейскай, так і сёння ў Запавеце любові апярэджвае сужэнцаў у выпрошванні неабходных ласкаў у Яе Сына. Марыя, як і там, жадае сапраўднага шчасця для сужэнцаў.

Для таго, каб прыняць гэты дар мацярынскага і ў той жа час выхаваўчага клопату Марыі, сужэнцы абавязуюцца ў Запавеце любові свядома працаваць над сабою праз прынясенне духоўных ахвяраў, звязаных з гэтаю працаю, якія становяцца ўкладамі ў скарбніцу ласкаў. Імкненне сужэнцаў да святасці рэалізуецца пры дапамозе пэўнай формы самавыхавання. Паступова пазнаючы Божую волю адносна саміх сябе, свайго сужэнства і сваёй сям’і, імкнуцца дасягнуць святасці. Гэта адпавядае задуме заснавальніка: «Мы не павінны гаварыць: мы хочам быць святымі, нягледзячы на тое, што жывем у сужэнстве, але мы хочам быць святымі, таму што жывем у сужэнстве».

У фармацыі сужэнцаў у Шанштацкім руху важную ролю іграе хатні санктуарый. Гэта месца ў доме, прызначанае для супольнай і індывідуальнай малітвы. Дзякуючы абразам і рэлігійным сімвалам яно дапамагае адчуць прысутнасць Бога. Распаўсюджванню практыкі хатніх санктуарыяў паспрыяла вучэнне Другога Ватыканскага Сабору аб сям’і як «хатнім касцёле», дзе, як і ў Касцёле, актуалізуецца сапраўдная супольнасць з Богам. У выбраным месцы дома сям’я складае Акт запавету любові. «У гэтым пачэсным месцы» змяшчаюцца таксама знакі заключанага запавету: крыж — знак запавету Хрыста з Касцёлам як Абранніцай, а таксама абраз Маці Божай Тройчы Дзівоснай — знак шанштацкага Запавету любові. Хатні санктуарый становіцца месцам, дзе працягвае здзяйсняцца літургічны культ ушанавання Бога, які мае месца ў супольнасці Касцёла.

Айцец Кэнтэніх заахвочваў развіваць рэлігійныя абрады і традыцыі, дзякуючы якім каштоўнасці веры перадаюцца з пакалення ў пакаленне. З гэтай мэтай у Шанштацкім руху акцэнтуецца асобая форма духоўнай падрыхтоўкі з нагоды асаблівых літургічных падзеяў, касцёльных святаў, марыйных урачыстасцяў, сужэнскіх і сямейных гадавінаў. Хатні санктуарый становіцца школай перадачы сужэнцамі дэпазіту веры сваім дзецям і прывучэння іх з малых гадоў да літургіі Касцёла. Значэнне хатняга санктуарыя для сужэнцаў можна акрэсліць словамі Яна Паўла ІІ, які назваў яго «прывілеяваным сродкам умацавання камуніі любові (...) і развіцця сужэнскай духоўнасці».

Шанштацкі рух з’яўляецца адным са шматлікіх рухаў, якія ўзніклі ў апошні час у Каталіцкім Касцёле і якія хутка і інтэнсіўна развіваюцца ў многіх кутках свету. Дзякуючы распрацаванай духоўнасці рух эфектыўна садзейнічае цэласнай сужэнскай фармацыі, дапамагае дасягнуць святасці ў штодзённым жыцці.

Паводле кнігі «Рухі і супольнасці»
© «Pro Christo» 2006.

 

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.