Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Апостальскі рух «Сям’я сем’яў»

Слуга Божы Ян Павел ІІ у апостальскай адгартацыі Familiaris сonsortio аб заданнях хрысціянскай сям’і ў сучасным свеце вучыць, што, «пастаянна застаючыся ў касцёльнай сферы, якая з’яўляецца суб’ектам, адказным за душпастырства сем’яў, трэба ўзгадаць розныя згрупаванні вернікаў, дзе ва ўсёй паўнаце выяўляецца і жыве таямніца Хрыстовага Касцёла. Такім чынам, трэба прызнаць і ацаніць — кожную ў залежнасці ад яе характэрных рысаў, мэтаў, адметнасці і ўласных метадаў — разнастайныя касцёльныя супольнасці, розныя групы і шматлікія рухі, якія па-рознаму, пад рознымі назвамі і на розных узроўнях уключаны ў душпастырства сем’яў» (FC, 72.).

Адным з такіх апостальскіх рухаў, які актыўна далучыўся да душпастырства сем’яў, з’яўляецца рух «Сям’я сем’яў». Яго мэта — адраджэнне і асвячэнне сям’і праз імкненне да паўнаты сакрамэнтальнага жыцця, свядомае і ахвярнае служэнне Касцёлу, а таксама прысвячэнне сябе Марыі — Маці Касцёла. Рух робіць усё, што толькі магчыма, каб дапамагчы сваім членам вызваліць духоўныя сілы і пераканацца ў тым, што з дапамогаю Божай ласкі сям’я можа, нават у самых складаных сітуацыях, выканаць сваё галоўнае пакліканне — дасягнуць паўнаты развіцця і сапраўднага шчасця, а таксама можа быць дзейснаю дапамогаю для іншых сем’яў, якія знаходзяцца ў небяспецы або цяжкай духоўнай сітуацыі.

Рух «Сям’я сем’яў» быў створаны ў 1952 годзе ў Варшаве па ініцыятыве маладых сужэнстваў, якія адчувалі неабходнасць у такой супольнасці. Яны выступілі з ініцыятывай, каб сустракацца ў малых групах сужэнскіх пар і дапамагаць адно аднаму ў разуменні таямніцы сакрамэнту сужэнства. Айцом новага руху і тым, хто стварыў яго духоўнасць, стаў кардынал Стэфан Вышынскі, Прымас тысячагоддзя, які на працягу многіх гадоў айцоўскай прысутнасці, клопату і дапамогі прапаноўваў руху адпаведныя формы працы, а ў 1957 годзе сам даў назву новым, усё больш шматлікім супольнасцям маладых сужэнстваў і сем’яў. Сэнс існавання і працы руху «Сям’я сем’яў» Прымас акрэсліў, як «выхаванне хрысціянскіх сем’яў для вернай сужэнскай любові, ахвярнага бацькоўства і ўзаемадапамогі паміж сем’ямі». Пры гэтым ён сцвердзіў, што «„рух Сям’я сем’яў“ фармуе сваіх членаў у духу прысвячэння сябе Маці Божай і адказнасці за Касцёл». Гэтыя словы заснавальніка заўсёды былі для «Сям’і сем’яў» галоўнаю праграмаю. Святарскую паслугу і пастаянную духоўную апеку, якая аказвалася руху «Сям’я сем’яў», кардынал Вышынскі даручыў святарам-палатынам. Па меры развіцця апостальскай працы суадказнасць за гэтую справу ўзялі на сябе таксама і свецкія асобы, апекуны групаў старэйшых і маладых сужэнстваў і сем’яў.

Харызмат руху «Сям’я сем’яў» — дух супольнасці, які выяўляецца ў працы, у малітве, а таксама ва ўзаемнай сямейнай сувязі ў штодзённым жыцці, у яго радасцях і засмучэннях. Знамянальнаю рысаю Руху з’яўляецца асаблівая сувязь з Маці Божаю і адкрытасць на патрэбы Касцёла. Таму што, згодна з вучэннем Слугі Божага Яна Паўла ІІ, «Маці Касцёл нараджае, выхоўвае, будуе хрысціянскую сям’ю, выконваючы адносна яе збаўчую місію, атрыманую ад Пана. Абвяшчаючы слова Божае, Касцёл аб’яўляе хрысціянскай сям’і яе сапраўдную тоеснасць, тое, чым яна ёсць і чым павінна быць паводле Божай задумы; здзяйсняючы сакрамэнты, Касцёл узбагачае і ўмацоўвае хрысціянскую сям’ю Хрыстоваю ласкаю, каб асвячаць яе дзеля хвалы Айца; праз абвяшчэнне з новаю сілаю новай запаведзі любові Касцёл натхняе і вядзе хрысціянскую сям’ю да служэння любові, каб яна наследавала і перажывала такую самую любоў пасвячэння і ахвяры, якую Хрыстус мае да ўсяго чалавецтва» ( FC, 49.). Таму духоўнасць членаў «Сям’і сем’яў» з самага пачатку апіраецца на некалькі слупоў: эклезіяльнасць — свядомае далучэнне да актуальных праблемаў паўсюднага і мясцовага Касцёла з пачуццём адказнасці за яго развіццё; марыйнасць — разлічванне ва ўсім на Марыю і адданне Ёй у апеку і ў Яе распараджэнне сябе, уласнай сям’і, а таксама ўсяго руху «Сям’я сем’яў»; сямейнасць — асаблівая чуллівасць да сям’і, тым больш шматдзетнай, стварэнне сямейных колаў, здольных да ахвярнага служэння іншым і дапамогі маладым сужэнствам у адпаведным разуменні сутнасці сужэнства, жаданне прыйсці на дапамогу ўсім сем’ям, якія гэтага патрабуюць.

Дзейнасць Руху мае на мэце паглыбленне веры, стварэнне сямейнай супольнасці і супольнасці сем’яў, а таксама фармаванне свецкіх асобаў як лідэраў і апекуноў для апостальскай працы ў меншых групах і супольнасцях. Кіруюць імі душпастыры Руху і дасведчаныя свецкія аніматары. Асноўная апостальская дзейнасць Руху рэалізуецца ў сямейных групах; у групах дзяцей, моладзі, а таксама ў групах, якія аказваюць дапамогу патрабуючым, і ў сямейных кансультацыях.

Сем’і, сабраныя ў парафіяльных групах, сустракаюцца не радзей, чым раз на месяц на тэрыторыі сваіх парафій. Гэтыя супольнасці ствараюцца часцей за ўсё з асобаў і сем’яў, якія ведаюць адно аднаго з дзяцінства і з часоў вучобы ці з’яўляюцца сваякамі. Агульную душпастырскую апеку над імі ажыццяўляе пробашч або прызначаны ім святар. Парафіяльныя групы рэалізуюць прынятую рухам праграму апостальства, заўсёды звязаную з праграмай літургічнага года, якая абвяшчаецца мясцовым Касцёлам. Апрача таго, яны вядуць апостальскую працу на карысць парафіі і актыўна ўдзельнічаюць у акцыях, арганізаваных пробашчам. Душпастырская і апостальская праца ў групах бацькоў малодшых дзяцей вядзецца ў выбраныя нядзелі падчас сустрэчаў для дзяцей. Мэта гэтай працы — ахапіць духоўнаю апекаю ўсю сям’ю дзіцяці і прыцягнуць яе да ўдзелу ў Руху. У руху «Сям’я сем’яў» душпастырскаю апекаю ахоплена таксама працуючая моладзь і студэнты. Шматлікія святарскія і манаскія пакліканні паходзяць з «Сям’і сем’яў».

Члены руху «Сям’я сем’яў» дапамагаюць адно аднаму. Больш заможная сям’я дапамагае бяднейшай, маладзетная — шматдзетнай, мацнейшая — слабейшай, або той, якая знаходзіцца ў небяспецы. Гэта рэалізуецца непасрэдна паміж сем’ямі або ў карытатыўных супольнасцях «Дапамога — сям’я сям’і». Дыпламаваныя спецыялісты кіруюць таксама кабінетамі натуральных метадаў распазнавання плоднасці. Рух арганізуе штогод «канікулы з Богам» — рэкалекцыі падчас канікулаў для ўсёй сям’і. Канікулярныя выезды для асобаў, якія маюць сціплыя фінансавыя магчымасці, падтрымліваюцца Рухам і больш багатымі сем’ямі.

Важную ролю адыгрываюць сустрэчы ўсёй супольнасці ва ўрачыстасць Святой Сям’і і свята Ахвяравання Пана, якія лічацца патранальнымі святамі «Сям’і сем’яў». Фармальнае далучэнне да Руху адбываецца праз складанне Акта даручэння свайго жыцця і сваёй сям’і Маці Божай «у мацярынскую няволю любові».

Паводле кнігі «Рухі і супольнасці»
© «Pro Christo» 2006.
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.