Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Святы Язафат Кунцэвіч
Ужо мінае тысячагоддзе, як наш народ прымаў першых хрысціянскіх місіянераў. І было гэта на той самай полацкай зямлі. Хрысціянства сюды ішло без гвалту і прымусу, ды і дзяржава наша ў той час, нягледзячы на асобныя крыўды, была свабоднаю, незалежнай. Упэўненымі крокамі, перамагаючы цемру нядаўніх паганскіх багоў, ішлі да нашых продкаў новае жыццё, новая навука, новая моц. Як знак таму на пераломе тысячагоддзяў у старажытнай сталіцы, на замчышчы полацкіх князёў, на стромкім беразе Рубона ўзнёсся велічны храм, маці ўсіх святыняў - святая Сафія. Гэтая эпоха адметная і тым, што хрысціянства ў той час было яшчэ адзіным. Такое і прыйшло яно на нашу зямлю, убранае ва ўсходнія традыцыі, збудаванае Хрыстом на скале, - на Пятровай Сталіцы. Усё гэта найлепш згадваецца ў Полацку, калі хтосьці моліцца за наш народ, калі чуеш спрадвечныя і заўсёды актуальныя словы: «Госпадзе, зжалься». Іх ніколі не будзе сказана дастаткова, якой бы доўгай ні была малітва-літанне, што носіць ва ўсходняй літургіі назву екценіі. Колькі ж трэба прасіць той літасці ў Бога, каб усе мы зразумелі, які вялікі і страшны грэх падзелу таго, што нераздзельнае - Хрыстовага Цела, святога Касцёла. Афіцыйны раскол у Канстанцінопалі ў 1054 г. дайшоў да нашых земляў праз некалькі стагоддзяў. Потым, нібы камусьці бракавала «двух Рымаў», узнік яшчэ і «трэці», і хрысціяне, нібы жаўнеры пад крыжам, не стамляліся кідаць жэрабя падзелаў. Унія, якая па Божаму Провіду была заключана на нашай зямлі ў Берасці ў 1596 г., на нейкі час зноў прынесла еднасць паміж хрысціянамі. З тае пары справа Уніі застаецца знакам пакаяння «блудных сыноў» і разумення страшнага і цяжкага граху. Лёс і гісторыя Уніі вельмі падобныя да лёсу святога Язафата, які быў не толькі яе сапраўдным сынам, але і дзеячам, пакутнікам, святым.

Навука, законная фармацыя ў базыльянскім ордэне, практычна ўся маладосць Язафата Кунцэвіча, як і ў большасці людзей, якімі мы сёння ганарымся, прайшлі ў Вільні - культурнай і асветніцкай сталіцы нашай гістарычнай Бацькаўшчыны. Вільня звязала святога з нашай зямлёй, з зямлёй, якую ён асвяціў сваёю крывёю.

Калі Язафат атрымаў намінацыю на біскупа Полацка, ён меў 37 гадоў. Кафедрай біскупа была святая Сафія. Полацк, Віцебск, Мсціслаў - гэты паўночна-ўсходні рэгіён краіны і стаў полем дзейнасці біскупа.

Святы Язафат заўсёды ў будзёныя дні насіў манаскую вопратку і ніколі не зняў пакутнага паса. У біскупскім пакоі доўгі час жыў бяздомны. Беднякі Полацка, Віцебска атрымлівалі хлеб, для сябе ж ён шкадаваў хлеба і ніколі не еў мяса, вельмі мала спаў. Толькі на літургію і храмы ён не шкадаваў ніякіх сродкаў. Людзей ажно палохала ягоная непасрэднасць, даступнасць. Вельмі часта яны не дазвалялі біскупу скончыць казанне воклічам: «Кажы яшчэ, яшчэ! Мы хочам слухаць!». І ворагі, і прыяцелі называлі яго душахватам, а святая Сафія была перапоўнена людзьмі.

Раптоўнае развіццё Уніі на Беларусі на пачатку ХVІІ ст. часта атаясамлівалася толькі з адным прозвішчам - Кунцэвіч. Кампанія супраць полацкага біскупа з боку ворагаў еднасці Касцёла імкліва прымала стратэгічны характар. Мела яна сваіх «герояў» і сваю ганебную гісторыю. Гэта прывяло да хваляванняў у краіне. Кампрамісу ў дзеяннях на карысць супакою дамагаўся ад біскупа нават вялікі канцлер Леў Сапега.

Спрадвечнае пытанне кожнай дзяржавы - колькі ахвяр трэба прынесці на карысць супакою? Святы Язафат ужо тады меў перакананне, якое праз стагоддзі паўтарыў ІІ Ватыканскі Сабор: супакой - гэта не стан грамадства, у якім няма вайны, супакой - гэта справядлівасць.

12 лістапада 1621 г. біскуп знаходзіўся ў суфраганіі ў Віцебску. Ранішняя літургія, а потым - крык раз'юшанага натоўпу, які ўварваўся ў біскупскую рэзідэнцыю. Насустрач ім біскуп выйшаў сам са словамі: «Дзеці мае, чаму вы напалі на мой дом?».

...Над мёртвым целам біскупа доўга здзекваліся, потым яго кінулі ў Дзвіну. Дзвіна ўмела хаваць мёртвых. Не раз ёй даводзілася абмываць кроў. Цячэ яна па краіне, дзе шмат палягло людзей: адны - за ўласную свабоду, хтосьці - абараняючы край, а іншыя - за тое, што былі сапраўднымі людзьмі.

Лютае забойства біскупа ў Віцебску было толькі пачаткам жорсткай барацьбы, што вякамі нішчыла справу Уніі на нашай зямлі. Праз дваццаць пяць гадоў сваё жыццё за вернасць адзінаму Касцёлу аддаў Андрэй Баболя. Пад гнётам царскага рэжыму і надалей будзе гінуць Унія. Вернікаў грэка-каталіцкіх прыходаў часцей за ўсё цэлымі прыходамі далучалі да праваслаўнай Царквы. Вельмі нямногія мелі магчымасць захаваць еднасць з Касцёлам, прыняўшы лацінскі абрад. У 1839 г. цар Мікалай І афіцыйна забараніў Унію. Спроба адрадзіць грэка-каталіцкую Царкву ў Заходняй Беларусі ў міжваенны час таксама пацярпела паразу, бо надыйшоў час савецкай улады, якая ўсе рэлігійныя пытанні вырашала аднолькава.

Біскуп Кунцэвіч аддаў жыццё за Апостальскі Сімвал Веры, а дакладней, за адзін сказ з яго. Ён загінуў за тое, каб наш Сімвал Веры быў сапраўдны, а таму Апостальскі і Святы.

Чаму ж так баяліся гэтага «Веру...» тыя, хто пайшоў на забойства біскупа? Чым яно палохала адну, другую, трэцюю ўладу? У чым віна гэтых у асноўным маладых людзей, якія разам са мною маліліся ў віцебскай катэдры 12 лістапада 2000 г., што ні ў Мінску, ні ў Віцебску, ні ў Гродне, ні ў іншых гарадах, дзе існуюць іхнія супольнасці, яны не заслужылі годнага месца на храм і моляцца ў капліцах, наладжаных у прыватных кватэрах альбо ў закінутых крамах? Як цяжка адказаць на гэтыя пытанні, ведаючы, што пад выявай амаль кожнага трэцяга помніка сакральнай архітэктуры альбо рэлігійнага мастацтва ў беларускіх энцыклапедыях чытаеш сціплы подпіс «былы уніяцкі...».

Тым, хто аб гэтым ведае, хто разумее, наколькі цяжкі і цярністы быў шлях Уніі на нашай зямлі, тым, хто разумее, што такое наша Беларусь калісьці, учора і сёння, такія малітоўныя сустрэчы даюць сілу любові, адвагі і моцы.

Дык дзякуй вам, браты уніяты, за тое, што вы не адмовіліся ад нашага супольнага «Веру...», што бераглі яго і сёння паўтараеце з тым самым перакананнем.

 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.