Благаслаўлёны Юры Матулевіч | Друк |

«Пане, дазволь мне, нібы свечцы, згарэць дашчэнту на Тваім Алтары». Гэтае вялікае жаданне благаславёнага Юрыя Матулевіча здзейснілася. На працягу ўсяго свайго святарскага жыцця ён гарэў, як свечка, - ярка і трывала. Сваёй службай ён асвятляў самыя далёкія, закінутыя і страшныя куткі тае гістарычнае эпохі, у якой палітыка, нянавісць, шавінізм крыжавалі лёсы хрысціянскіх народаў. Гэтае святло ніколі не прыцьмянела, але было яркім і палымяным. І свяціла яно да таго самага часу, пакуль жывіла яго сваімі ўдарамі сэрца вялікага і святога чалавека.

Святар, прафесар акадэміі, законнік і рэфарматар ордэну ксяндзоў марыянаў, Віленскі біскуп, апостальскі нунцый... Кім бы ні быў, чым бы ні займаўся - заўсёды ён быў сапраўдным святлом на асвячэнне паганскай думкі і далёка не хрысціянскіх учынкаў, якія ў той час не толькі ўсяляк апраўдваліся, але і падтрымліваліся афіцыйнай грамадскай этыкай.

Яго не цікавілі палітычныя інтарэсы асобных дзяржаў, народаў альбо партый. Ён быў айцом для ўсіх - рускіх, палякаў, літоўцаў, нават габрэяў. Але найбольш уражвае ягоная асаблівая любоў да беларусаў, што і было ў вачах тагачасных уладаў «асаблівым грахом».

Нялёгка было жыць такому чалавеку. Але ад сваіх трывалых хрысціянскіх прынцыпаў і вернасці Касцёлу айцец Матулевіч не адыходзіў на працягу ўсяго свайго святарскага жыцця. Пачалося ж яно сто гадоў таму - 20 лістапада 1898 года, у Санкт-Пецярбурзе. У гэты дзень у капліцы каталіцкай духоўнай акадэміі клерык Юры Матулевіч прыняў святарскія пасвячэнні.

Сто гадоў - не такі ўжо і малы прамежак часу. За гэты перыяд зерне, што пасля сакрамэнту святарства было кінута ў шчодра падрыхтаваную Богам глебу, дало багаты плён. І вось праз стагоддзе духоўныя дзеці айца Матулевіча - марыяне з сямі краінаў свету, а таксама сёстры-эўхарысткі - зрабілі пілігрымку ў горад, дзе быў закладзены падмурак духоўнасці Юрыя Матулевіча.

Цяжка сабе ўявіць іншае месца, якое б лепш адпавядала для святкавання гэтага юбілею. Санкт-Пецярбург - адзін з галоўных цэнтраў каталіцкай духоўнасці і думкі ў Расіі. Тут у дарэвалюцыйныя часы дзейнічала духоўная семінарыя і каталіцкая акадэмія. Тут знаходзілася пра-катэдра магілёўскіх біскупаў. З гэтым горадам звязаны лёсы слугі Божага біскупа Лазінскага, марыянскіх мучанікаў Фабіяна Абрантовіча і Антонія Ляшчэвіча.

Чытайце таксама разважанні з «Духоўнага дзённіка» бл. Юрыя Матулевіча.

 
© 2003-2024 Catholic.by