Кангрэгацыя Сясцёр Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (сёстры Беззаганнага Зачацця) | Друк |
Кангрэгацыя Сясцёр Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі была створана ў асяроддзі польскіх эмігрантаў у Рыме ў сярэдзіне ХІХ стагоддзя. Гэта быў час наладжвання супрацоўніцтва дзвюх заснавальніц кангрэгацыі: маці Юзэфы Карскай і маці Марцэліны Дароўскай. Маці Юзэфа ўсведамляла, што Бог заклікае яе да стварэння манаскай супольнасці для аднаўлення грамадства праз выхаванне дзяўчат. Сваім цярпеннем яна заклала падмурак для заснаванай кангрэгацыі. Пасля смерці маці Юзэфы абавязкі настаяцельніцы новай супольнасці перайшлі да маці Марцэліны Дароўскай. У 1863 годзе маці Марцэліна перанесла кангрэгацыю ў Язловец (цяперашняя Украіна).

Марцэліна Дароўская ў сваёй працы выразна акрэсліла духоўнасць для новай супольнасці, якая грунтуецца на шуканні Бога ў праўдзе і бескарыслівасці па прыкладзе Беззаганнай. Маці Марцэліна распачала справу выхавання жанчын, а ў маладых дзяўчат прагнула сфармаваць самастойнае мысленне, а таксама адказнасць перад Богам і людзьмі. Сёстры прысвячалі сябе Касцёлу і Богу ў цеснай лучнасці з Эўхарыстычнаю Ахвяраю. Усе сёстры супольнасці непарыўна аб’ядноўвалі пакліканне да духоўнага жыцця, згодна з харызматам заснавальніц, глыбокі і чынны ўдзел у штодзённай Эўхарыстыі, адарацыі Найсвяцейшага Сакрамэнту і супольнай ружанцовай малітве.

Падставаю шляху да святасці для сясцёр з’яўляюцца любоў і праўда, заснаваныя на пакоры, беднасці і самаахвяраванні, насуперак таму, што прынята ў свеце. Сэнс законнага жыцця заключаецца ў паміранні разам з Хрыстом і як мага больш дасканалай рэалізацыі запаведзі любіць Бога больш за ўсё, а бліжняга — як сябе самога. Найбольш дасканалы спосаб паміраць разам з Хрыстом — гэта шлюбы чыстасці, убоства і паслухмянасці, бо ў іх заключаецца вырачэнне, якога Хрыстус Пан чакае ад тых, хто хоча Яму дасканала служыць.

На працягу 50 гадоў выканання абавязкаў настаяцельніцы кангрэгацыі Марцэліна Дароўская адкрыла 6 вялікіх законных дамоў. У Слоніме яна заснавала школу-інтэрнат для дзяўчат і бясплатную пачатковую школу. Перыяд войнаў і акупацыі перапыніў працу сясцёр у Слоніме. Немцамі былі забітыя сястра Ева Нішэўская, урач, і сястра Марта Валоўская, настаяцельніца. Сясцёр расстралялі 19 снежня 1942 года за тое, што яны схавалі ў сябе яўрэяў і дапамагалі сем’ям арыштаваных людзей і партызанам. Абедзве сястры былі беатыфікаваныя 13 чэрвеня 1999 года разам са 108 мучанікамі Другой сусветнай вайны.

Таямніца Беззаганнага Зачацця з’яўляецца шляхам асвячэння сясцёр. Маці Марцэліна пісала: «Кангрэгацыя была заснаваная пад назваю Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі, бо паколькі Беззаганнае Зачацце падрыхтавала Нараджэнне і Уваскрасенне Пана, у якім збаўленне свету, я веру, што ў яго сіле і пад яго штандарам лягчэй выканаць працу (...), даручаную кангрэгацыі: адраджэнне сям’і праз адраджэнне жанчыны». З асабліваю руплівасцю сёстры імкнуцца пашыраць і паглыбляць пашану да Маці Божай, абуджаючы любоў да Яе і заахвочваючы наследваць Яе ў сваім жыцці.

Асаблівым харызматам маці Марцэліны Дароўскай было пашырэнне Божага Валадарства праз адпаведнае ўсебаковае развіццё жанчыны. Яна пакінула навучальным установам сясцёр Беззаганнага Зачацця арыгінальную сістэму навучання і выхавання. Харызматычнае пазнанне велічы Бога дазволіла маці Марцэліне бачыць чалавека як у яго прыніжанасці, так і ў бязмежнай годнасці, мера — кошт крыві Хрыстовай. Гэта было вытокам яе вялікай павагі да кожнай чалавечай асобы, незалежна ад узросту і грамадскага становішча. Мэту сваёй кангрэгацыі яна вызначыла як «выхаванне будучых маці роду чалавечага».

6 кастрычніка 1996 года ў Рыме Папа Ян Павел ІІ абвясціў Марыю Марцэліну Дароўскую благаслаўлёнаю.

Кангрэгацыя Сясцёр Беззаганнага Зачацця праз 50 гадоў зноў вярнулася ў Беларусь і служыць усім, хто мае ў гэтым патрэбу, згодна з харызматам заснавальніцы: Марыя, духоўная чысціня, праўда і любоў да Радзімы — апостальства праз выхаванне.

Паводле кнігі «Пра пакліканне»
© «Pro Christo» 2005.
 
© 2003-2024 Catholic.by