Кангрэгацыя Сясцёр Служак Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі (служкі) | Друк |
Асобу благаслаўлёнага Эдмунда Баяноўскага — свецкага заснавальніка чатырох адгалінаванняў сясцёр служак Марыі — найбольш поўна характарызуюць словы: «І ішоў, робячы дабро». Эдмунд нарадзіўся 14 лістапада 1814 года ў Польшчы і з-за слабога здароўя спачатку атрымаў грунтоўную адукацыю дома. Потым ён вывучаў філасофію і літаратуру ў вроцлаўскім універсітэце, а далейшую адукацыю працягваў у берлінскім універсітэце. Аднак праз пэўны час стан здароўя не дазволіў яму больш вучыцца далёка ад дома, і ён вярнуўся на радзіму.

Эдмунд распачаў сярод вясковага насельніцтва асветніцкую, выхаваўчую і дабрачынную працу, прымаў актыўны ўдзел ў культурным і грамадскім жыцці. Займаючыся гэтым, ён усё больш усведамляў патрэбу адновы грамадства. Яго жаданню стаць святаром ізноў перашкодзіла слабое здароўе, і тады Эдмунд знайшоў сваё пакліканне ў служэнні з любоўю, рэалізацыі Евангелля, жыцці ў духу малітвы і паяднання з Хрыстом.

У першай палове ХІХ стагоддзя яго родныя мясціны даволі часта пакутавалі ад эпідэмій халеры, ад якіх гінула вялікая колькасць людзей. Асабліва вялікая была смяротнасць у 1849 годзе. Божы Провід вызначыў Эдмунду Баяноўскаму надзвычайную ролю. Днём і ноччу ён наведваў хворых, дапамагаў ім, суцяшаў, рыхтаваў да прыняцця сакрамэнтаў, стараўся прывесці святара да ложка церпячага чалавека. Там, дзе ён не здолеў вызваліць ад смерці цела, вызваляў, прынамсі, душу з пекла. З гэтаю мэтаю Эдмунд заснаваў дом для бедных хворых, які назваў Інстытутам.

Праца Эдмунда Баяноўскага была цесна звязаная з цяжкімі выпрабаваннямі. Аднак ва ўсім ён бачыў Божы Провід, які і няшчасце можа перамяніць у дабро. Ён надаваў вялікае значэнне рэлігійнаму выхаванню, таму кіраваць установаю даручыў законным сёстрам, а ў Інстытуце зрабіў капліцу і клапаціўся пра тое, каб у ёй кожны дзень цэлебравалася святая Імша.

Эдмунд Баяноўскі стварыў Таварыства выхавацелек прытулку, у якое ўступалі вясковыя дзяўчаты-валанцёркі, што займаліся выхаваннем дзяцей у прытулках. 3 мая 1850 года лічыцца датаю заснавання Кангрэгацыі Сясцёр Служак Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі.

Сёстры служкі — гэта марыйная кангрэгацыя. Сімваламі кангрэгацыі былі прынятыя літара «М» і крыж, акружаны сямю зоркамі, як знак таго, што Марыя вядзе да Хрыста, асвячаючы дарогу сваімі цнотамі: чыстасцю, беднасцю, паслухмянасцю, бескарыслівасцю, духам малітвы, ахвяры і глыбокай пакоры.

Ажыццяўляючы пакліканне, якое пакінуў Эдмунд Баяноўскі, сёстры служкі вучаць і выхоўваюць дзяцей і моладзь. Яны служаць таксама хворым і бедным, дапамагаючы ім і несучы палёгку як у фізічных, так і ў духоўных цярпеннях.

Сёстрам служкам уласціва паслужлівая любоў, якую яны чэрпаюць з таямніцы Эўхарыстыі для таго, каб любіць і служыць як Хрыстус.

У гэтай адданасці Эўхарыстыі сёстры служкі бяруць прыклад з заснавальніка, які ўсім сэрцам любіў і ўшаноўваў Езуса, прысутнага ў Найсвяцейшым Сакрамэнце. Асабліва ў цяжкія, поўныя пакутаў, моманты свайго жыцця ён чэрпаў ад Яго сілы. Святая Імша была для Эдмунда Баяноўскага найважнейшым часам на працягу дня. Эўхарыстыя ўмацоўвала яго фізічныя і духоўныя сілы. Ён часта адараваў Найсвяцейшы Сакрамэнт і лічыў, што час, прысвечаны Богу, гэта самыя каштоўныя хвіліны дня. Эўхарыстыя была для яго вялікім скарбам, таму іншых людзей ён таксама вучыў любіць яе. Эдмунд Баяноўскі вельмі моцна жадаў, каб культ Эўхарыстыі пашыраўся паміж людзей, сярод якіх ён знаходзіўся. Ён клапаціўся пра тое, каб сёстры як мага часцей прымалі святую Камунію, адаравалі Езуса, праслаўляючы Яго, дзякуючы за Яго веліч і дабрыню.

13 чэрвеня 1999 года Папа Ян Павел ІІ беатыфікаваў Эдмунда Баяноўскага. Справу благаслаўлёнага сёння працягваюць сёстры служкі Марыі чатырох адгалінаванняў. У 1994 годзе Сёстры Служкі Беззаганнага Зачацця Найсвяцейшай Панны Марыі распачалі працу ў Беларусі.

Паводле кнігі «Пра пакліканне»
© «Pro Christo» 2005.
 
© 2003-2024 Catholic.by