Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Кангрэгацыя Сясцёр святой Ядвігі ад Беззаганнай Багародзіцы Панны Марыі (ядвіжанкі)
Вядомая гістарычная асоба Сярэднявечча каралева Сілезіі Ядвіга жыла на мяжы ХІІ і ХІІІ стагоддзя. Яна, бясспрэчна, з’яўляецца асаблівым прыкладам вернага наследавання Хрыста. Усё сваё жыццё каралева Ядвіга клапацілася пра духоўнае і матэрыяльнае развіццё не толькі ўласнай сям’і, але гэтак жа самаахвярна клапацілася і пра падданых. Ядвіга вучыла самых бедных праўдам веры, заступалася за асуджаных, арганізоўвала харчаванне для ўбогіх, фундавала прытулкі, дамы для пілігрымаў і кляштары, аддавала на дабрачынныя мэты ўсе свае даходы. Менавіта таму св. Ядвіга з’яўляецца ў Касцёле апякункай справаў дзейснай любові да бліжніх.

На 600 гадоў пазней, у Вроцлаве, там, дзе жыла і несла палёгку церпячым св. Ядвіга, працаваў самаахвярны святар, канонік катэдральнай капітулы ксёндз Роберт Спіске. У сваіх казаннях ён не раз заклікаў наследаваць св. Ядвігу ў вернай пакорнасці Божай волі, у любові да Эўхарыстыі і Святога Пісання, у аказанні дапамогі тым, каму яна неабходна. А паколькі ХІХ стагоддзе было стагоддзем вялікіх бедаў, вакол ксяндза Спіске хутка сабралася значная група ахвярных памочнікаў, якіх праз некаторы час сталі называць Таварыствам святой Ядвігі. Гэтае таварыства аддавала асаблівую ўвагу дзецям, бо яны найбольш пакутавалі ад маральнай і матэрыяльнай бядоты. З цягам часу частка членаў таварыства вырашыла цалкам прысвяціць сваё жыццё Хрысту і самым бедным. 14 чэрвеня 1859 года першыя 4 сястры склалі законныя шлюбы і ў гонар Найсвяцейшай Маці ўсклалі на сябе блакітны вэлюм.

Да сённяшняга дня сёстры святой Ядвігі лічаць служэнне тым, хто жыве ў патрэбе, асабліва дзецям, самай важнай справай міласэрнасці, якая павінна здзяйсняцца ў духу Евангелля. Сёстры працуюць у дзіцячых садках, дамах дзіцяці, лячэбна-выхаваўчых цэнтрах, праводзяць катэхізацыю, а таксама аказваюць дапамогу ўсюды, дзе яна неабходная. Ксёндз Спіске пакінуў духоўны тэстамэнт кангрэгацыі: аказваць дапамогу, здзяйсняць справы любові дзеля шчасця — вечнага і зямнога — церпячых і пакінутых людзей.

Законнае пасвячэнне — кансэкрацыя — ставіць сабе за мэту і развівае блізкае сяброўства з Хрыстом-Абраннікам, да Якога ядвіжанкі імкнуцца думкамі і сэрцам. Менавіта таму сёстры з асаблівай любоўю штодзённа ўдзельнічаюць у Эўхарыстычнай Ахвяры, якую айцец заснавальнік назваў «найпрыгажэйшым цудам Божай Любові», за які мы пастаянна павінны дзякаваць добраму Богу. З Эўхарыстыі сёстры чэрпаюць сілы для свайго няпростага служэння. Цела і Кроў Хрыста, якія яны прымаюць, умацоўваюць іх у імкненні да паяднання з Богам. Яднаючыся з Богам, чалавек любіць так, як любіць Бог, і кожны дзень вучыцца гэтай любові па прыкладзе Нябеснай Маці Марыі.

Штодзённая адарацыя Пана Езуса ў Найсвяцейшым Сакрамэнце з’яўляецца для сясцёр магчымасцю дзякаваць Яму за тое, што яны могуць жыць з Ім пад адным дахам. Ксёндз Роберт Спіске словам і прыкладам заклікаў дзякаваць Хрысту за дар Яго прысутнасці, ставячы ўзрастанне любові ў залежнасць ад эўхарыстычнай пабожнасці, бо Эўхарыстыя — гэта гасціна любові і невычэрпная крыніца любові да Бога і да бліжняга.

Пра такую любоў сведчаць і ёй вучаць сёстры святой Ядвігі ў многіх краінах Еўропы, а таксама на беларускай зямлі.

Манаскае жыццё мае сэнс толькі тады, калі з’яўляецца адказам любові на голас таго, хто кліча. «Любоў. Які сэнс мае гэта слова ў пазбаўленым любові свеце? Яно часта злятае з вуснаў, але няма яго ў сэрцы. У век, поўны разладу, зайздрасці, непрыязнасці, у век, які ганарыцца ведамі ў розных галінах навукі і тэхнікі, але не мае ўяўлення пра цноту, якая наблізіла неба да зямлі і зямлю да неба», — гэтыя словы айца заснавальніка, сказаныя шмат гадоў таму, і цяпер застаюцца актуальнымі.

Паводле кнігі «Пра пакліканне»
© «Pro Christo» 2005.
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.