Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Гэта архіў старой версіі сайта. Новая версія знаходзіцца па адрасе catholic.by
Кангрэгацыя Сясцёр св. Дамініка (дамініканкі)
Дамініканская духоўнасць развіваецца з ХІІІ стагоддзя, з таго часу, калі жыў святы Дамінік, заснавальнік Закона Братоў Прапаведнікаў. Духоўнасць дамініканаў грунтуецца на перакананні, што мэта любога апостальства і душпастырства — хвала Бога і збаўленне людзей. Абвяшчэнне Евангелля павінна быць словам паратунку для ўсіх, хто сышоў з правільнага шляху. Прыкладам у рэалізацыі гэтага паклікання з’яўляецца Хрыстус, Добры Пастыр, які клапоціцца пра збаўленне ўсіх, а таксама ўважлівая і паслухмяная Богу Панна Марыя, якая перадала Адзінароднае Слова Айца свету і саўдзельнічала Яму ў таямніцах збаўлення. Таму дамініканская духоўнасць засяроджваецца на кульце Езуса Эўхарыстычнага і Найсвяцейшай Маці.

Дамініканскі закон атрымаў асаблівы прывілей святога Ружанца, бо менавіта з гэтаю супольнасцю звязана распаўсюджванне ружанцовага набажэнства. Традыцыя гаворыць, што святы Дамінік атрымаў ружанец з рук Маці Божай як зброю для барацьбы з ерассю, таму Марыя ў дамініканскай сям’і ўшаноўваецца як Каралева святога Ружанца. Вялікае значэнне надавала Ружанцу таксама Слуга Божая Маці Калумба Бялэцкая, заснавальніца Кангрэгацыі Сясцёр святога Дамініка, якая была створана ў Польшчы ў 1861 годзе.

Маці Калумба вызначыла для сясцёр заданне абвяшчаць Евангелле найбольш церпячым, згодна з асноўным дэвізам дамініканаў: «Contemplata aliis tradere» — «Перадаваць іншым плады кантэмпляцыі». Божае слова, якое абвяшчаецца іншым, павінна быць вынікам асабістай кантэмпляцыі (сузірання), малітвы, разважанняў. Маці Калумба казала: «Ружанец — гэта скарб дзяцей святога Дамініка». Валоданне скарбам накладае адказнасць, таму яна наказала сваім сёстрам любіць гэтую малітву і заахвочваць іншых да пабожнага і належнага ўдзелу ў гэтым набажэнстве. «Вы павінны клапаціцца пра тое, каб ніводнага дня не пражыць, не прачытаўшы, прынамсі, адной часткі Ружанца».

Адметная рыса дамініканскай духоўнасці — яе супольны характар. Той, хто далучаецца да супольнасці дзяцей святога Дамініка, робіць гэта не толькі дзеля дасягнення ўласнай святасці, але і для таго, каб дапамагчы іншым дасягнуць збаўлення. Маці Калумба паклапацілася таксама пра тое, каб дамініканкі, кожны дзень прамаўляючы ў супольнасці Ружанец, ахоплівалі інтэнцыяй малітвы розныя патрэбы Касцёла, свету, асобных людзей і ўсяго закону.

Другі галоўны дэвіз закону — «Veritas», што значыць «Праўда». У дамініканскай духоўнасці глыбока закаранёная пашана да праўды, а абвяшчэнне праўды з’яўляецца асноўным заданнем закону. Дамінікане рэалізуюць свой харызмат праз казанні, споведзь і духоўнае кіраўніцтва. Сёстры таксама вучаць евангельскай праўдзе, павышаюць узровень адукацыі і дапамагаюць церпячым. Наследуючы вялікую дамініканскую святую Кацярыну Сіенскую, кангрэгацыя абвяшчае Хрыстовую праўду праз любоў, аказваючы дапамогу церпячым.

Праца сярод людзей, якую вядуць дамініканкі з таго часу, калі жыла маці заснавальніца, была і ёсць добраю нагодаю для распаўсюджвання ружанцовай малітвы. Сёстры вучаць дзяцей, моладзь і дарослых таму, як трэба прамаўляць гэтую малітву і паказваюць яе «прыгажосць і дзейснасць».

«У ружанцы, — тлумачыць Маці Калумба, — устанаўліваецца цесная сувязь Езуса і Марыі. Звеставанне, Адведзіны, Нараджэнне і наступныя таямніцы, пра якія разважаюць у ружанцовай малітве, сведчаць пра гэтую непаўторную сувязь Маці і Яе Сына. Ружанец — гэта адно з самых глыбокіх і найбольш грунтоўных набажэнстваў, бо ў ім Марыя не аддзяляецца ад Езуса, праз якога Яна, Божая Маці, з’яўляецца для нас усім. Ружанец паказвае вымоўную сувязь, што яднала на зямлі і яднае ў небе Марыю з Яе Сынам».

Заснавальніца дамініканак, разважаючы над гэтай незвычайнай сувяззю, якая яднала Езуса з Марыяй, заўважае, што «падчас малітвы да Найсвяцейшай Панны, падчас Яе праслаўлення і звароту да Яе (...) трэба яднацца з Езусам, які шануе, любіць і заклікае сваю Маці дапамагчы Яго Касцёлу». Значыць, у ружанцовай малітве не толькі Марыя вядзе да Езуса, але таксама сам Езус дапамагае нам узносіць пашану, якая належыць Яго і нашай Маці.

Паводле кнігі «Пра пакліканне»
© «Pro Christo» 2005.
Адноўлена 25.06.2008 17:48
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.