Фота Аўдыё Відэа  
be  ru  pl  en  de info@catholic.by
Кангрэгацыя Сясцёр Служак Езуса ў Эўхарыстыі (эўхарысткі)
Кангрэгацыя Сясцёр Служак Езуса ў Эўхарыстыі — гэта манаская супольнасць, якая цалкам прысвяціла сябе малітве і апостальскай дзейнасці ў Касцёле. Заснаваў супольнасць благаслаўлёны Юры Матулевіч, які ў 1923 г., калі з’явіліся эўхарысткі, быў Віленскім біскупам.

Стварэнне кангрэгацыі сясцёр эўхарыстак было абумоўлена патрэбамі дыяцэзіі. Пасля Першай сусветнай вайны ўзнікла неабходнасць пашырэння рэлігійнай адукацыі сярод людзей і адраджэння рэлігійнага жыцця. Біскуп Матулевіч пачаў з адраджэння манаскага жыцця, якое ў нашай краіне амаль цалкам заняпала з прычыны абмежаванняў, ліквідацый і рэпрэсій, што праводзіла царская ўлада ў адносінах да каталіцкіх законаў. Біскуп хацеў стварыць жаночую супольнасць, у склад якой уваходзілі б толькі прадстаўніцы мясцовага насельніцтва. Гэта павінна было стаць добраю падставаю для ўсталявання добрых адносінаў сясцёр з людзьмі дзякуючы зразумелай мове, аднолькавым звычаям і культуры. Згодна з намерам заснавальніка, кангрэгацыя павінна была стаць універсальнай, адкрытай на патрэбы ўсяго Касцёла і разам з тым аказваць дапамогу найбольш церпячым, рэлігійна занядбаным людзям, пераважна беларусам.

Месцам заснавання кангрэгацыі стала Друя — невялічкае мястэчка на беразе Дзвіны на мяжы з Латвіяй. У Друі кангрэгацыя пачала фармавацца ў пачатку 1923 года. Нягледзячы на цяжкасці, сёстры праз некаторы час ужо распачалі працу і ажыццяўлялі харызмат, вызначаны ім заснавальнікам: займаліся навучаннем хрысціянскаму жыццю і выхаваннем дзяцей і моладзі ў каталіцкай веры, а таксама пашырэннем сакрамэнтальнага жыцця, асабліва эўхарыстычнага, ва ўсіх асяроддзях. Сёстры эўхарысткі нястомна неслі дух Хрыстовага вучэння, асабліва найбольш занядбаным у рэлігійных адносінах людзям. Падчас Другой сусветнай вайны невялікая група сясцёр вяла катэхетычна-місіянерскую працу на савецкай тэрыторыі. Сёстры, якія пасля заканчэння вайны і новага падзелу дзяржаўных межаў засталіся на тэрыторыі Савецкага Саюза, перажылі гады цяжкіх выпрабаванняў: яны былі выгнаныя з законнага дому, вымушаныя вандраваць, працаваць звыш сілы, цярпець голад і холад. Афійцыйна супольнасць не існавала. Калі манаскае жыццё было ліквідавана, сёстры атрымалі загад разысціся, аднак яны засталіся вернымі свайму пакліканню і вялі супольнае жыццё ў маленькіх групах. Ва ўкрыцці яны займаліся катэхізацыяй, рыхтавалі дзяцей і дарослых да сакрамэнтаў, дапамагалі арыштаваным святарам, апекаваліся імі падчас хваробы, займаліся гаспадаркаю, даглядалі касцёлы. На працы сярод свецкіх людзей законніцы давалі сведчанне веры, сумленнасці і служэння бліжнім.

Духоўнасць кангрэгацыі абапіраецца на Эўхарыстыю. У канстытуцыі эўхарыстак напісана: «Цэнтрам духоўнага жыцця і апостальскай дзейнасці ўсёй супольнасці і асобных законніц з’яўляецца Езус Хрыстус у таямніцы Эўхарыстыі. Сёстры павінны імкнуцца ўвесь час як мага лепш пазнаваць Яго, наследаваць і любіць, жыць кожны дзень Яго духам».

Асаблівая любоў да Хрыста, прысутнага ў Эўхарыстыі, і прыклад заснавальніка вядуць эўхарыстак да любові Хрыста, які прабывае ў Касцёле. Таму яны атачаюць Каталіцкі Касцёл вялікаю пашанаю і верна служаць яму сваёю малітваю, працаю і ахвяраю.

Яднаючыся з Хрыстом, сёстры клапоцяцца таксама пра любоў і еднасць ва ўласных супольнасцях, а таксама пра любоў да людзей. Па меры магчымасці яны спрабуюць прычыніцца да справы паяднання хрысціянаў.

Хрыстус, прысутны ў Эўхарыстыі, з’яўляецца для сясцёр крыніцаю сілы, надзеі і любові ў выкананні тых заданняў, што вынікаюць з іх паклікання. Яны заўсёды адаруюць Яго, калі толькі маюць такую магчымасць. Сёстры нястомна дзякуюць Езусу за Яго прысутнасць у Эўхарыстыі, перапрашаюць Яго і на Яго любоў адказваюць узаемнай любоўю. Штодзённая адарацыя працягваецца паўгадзіны. Кожны чацвер у галоўным доме кангрэгацыі адбываецца адарацыя выстаўленага Найсвяцейшага Сакрамэнту, якая працягваецца ўвесь дзень. Сёстры і свецкія вернікі па чарзе адаруюць Езуса, скрытага ў Гостыі.

У сваёй апостальскай дзейнасці і ў адносінах з людзьмі эўхарысткі пашыраюць любоў да Хрыста, які прабывае на алтарах, а таксама заахвочваюць словам і прыкладам аддаваць Яму пашану ва ўсіх магчымых формах. Дэвіз кангрэгацыі «Усё для Хрыста і праз Хрыста» нахняе ўсё жыццё і дзейнасць сясцёр.

Паводле кнігі «Пра пакліканне»
© «Pro Christo» 2005.
Адноўлена 25.06.2008 17:46
 

Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.