Першая Кантакты Мапа
Ордэн Меншых Братоў Капуцынаў (Ordo Fratrum Minorum Capucinorum — OFM Cap)
Найвышэйшы, праслаўлены Божа, асвяці змрок майго сэрца і дай мне, Пане, сапраўдную веру, непахісную надзею і дасканалую любоў, разуменне і пазнанне, каб выканаў Тваё святое і праўдзівае пасланніцтва.
Малітва св. Францішка перад крыжам


Манаская супольнасць капуцынаў, у адным шэрагу з іншымі францішканскімі ордэнамі, з’яўляецца прамой пераймальніцай багатай духоўнасці святога Францішка з Асізі. Як самастойны Ордэн Меншых Братоў Капуцынаў зацверджаны булай Папы Клімента VII 3 ліпеня 1528 года. З’яўленне гэтай супольнасці было абумоўлена радыкальным жаданнем наследаваць Езуса Хрыста, жывучы ва ўбогай братэрскай супольнасці.

Галоўнай рысай капуцынскай духоўнасці з’яўляецца няспыннае, асабістае шуканне першапачатковага ідэалу, які адкрыў і рэкамендаваў сваім братам-паслядоўнікам святы Францішак, калі заахвочваў наследаваць Езуса Хрыста, беднага і пакорнага. Зразумела, што першае месца ў жыцці капуцына займае малітва, асабліва кантэмпляцыйная (сузіральная). Істотнай прыкметай таксама з’яўляецца беднасць, якая выражае суровасць жыцця і добраахвотнасць пакаяння. Характарызуе капуцыныў і радаснае прабыванне сярод людзей бедных ды хворых, падзяляючы іх долю і дзелячыся з імі духоўнымі каштоўнасцямі. Шлюбуючы паслухмянасць, беднасць і чыстасць, апранутыя ў карычневы габіт з характэрным доўгім завостраным каптурам, падперазаныя звычайнай белай вяроўкай, капуцыны, выбіраючы просты лад жыцця ў розных краінах на ўсіх катынентах, імкнуцца дакладней ажыццяўляць Святое Дабравесце, захоўваючы вернасць Каталіцкаму Касцёлу. На практыцы гэтае заданне капуцыны рэалізуюць, апякуючыся беднымі або штодзённа выконваючы, паводле здольнасцяў і адукацыі, абавязкі сакрыстыяніна, арганіста, садоўніка, краўца, выкладчыка і шмат іншых. Браты-святары, прысвячаючы сябе душпастырству, служаць людзям як спаведнікі, духоўныя кіраўнікі і прапаведнікі. На сённяшні дзень капуцынская супольнасць налічвае ў свеце больш за адзінаццаць тысяч братоў. За пяцьсот гадоў гісторыі ордэна трынаццаць капуцынаў былі абвешчаны святымі, а трыццацьчатыры — благаслаўлёнымі. Найбольш вядомыя з іх: святы Фелікс з Канталічэ, святы айцец Піо, благаслаўлёны айцец Ганарат Казмінскі.

На тэрыторыі сучаснай Беларусі меншыя браты капуцыны дзейнічаюць з 1938 года. У цяжкія часы савецкага атэізму існаванне ордэна працягвалася ў падполлі. Пасля атрымання рэлігійнай свабоды дзякуючы дапамозе братоў-місіянераў з Польшчы колькасць месцаў працы капуцынаў у Беларусі ўсцяж павялічваецца. Сёння яны працуюць у Ліпнішках, Слоніме, Міжэвічах (Гродзеншчына), Ваўкалаце, Докшыцах, Верхнядзвінску (Віцебшчына), Мінску і Маладзечне (Міншчына). На сённяшні дзень у Беларусі працуе дзевятнаццаць капуцынаў, большасць з якіх з’яўляюцца беларускімі грамадзянамі. Акрамя таго, семнаццаць братоў з Беларусі знаходзяцца на розных этапах фармацыі ў кляштарах Польшчы, рыхтуючыся да канчатковага прыняцця капуцынскага ладу жыцця. Гэтая супольнасць братоў утварае арганізаваную ў 1997 годзе адміністрацыйную адзінку ордэна — Віцэправінцыю Меншых Братоў Капуцынаў на Беларусі, апякуном якой з’яўляецца благаславёны капуцын — айцец Ганарат Казмінскі. Узначальвае Віцэправінцыю Міністр (або Віцэправінцыял), якога выбіраюць браты кожныя тры гады.

Адказваючы на актуальныя патрэбы Каталіцкага Касцёла ў Беларусі, капуцыны ў першую чаргу займаюцца душпастырствам у даручаных ім парафіях. Штогод праводзіцца пілігрымка з Маладзечна да Маці Божай Будслаўскай, удзельнічаючы ў якой кожны можа крыху бліжэй пазнаёміцца з капуцынскасцю.



Курыя Віцэправінцыі Меншых Братоў Капуцынаў на Беларусі:

Айцец Андрэй Жылевіч OFM Cap — Віцэ-правінцыял
вул. Пушкіна 46
211720, г. Докшыцы
Віцебская вобл.
тэл. 8 (02157) 21959

Даведацца падрабязней пра капуцынскае пакліканне ці пра нашу дзейнасць у Беларусі можна даслаўшы пытанне на скрынку: Гэты e-mail адрас абаронены ад спаму-ботаў, для яго прагляду ў Вас павінен быць уключаны Javascript



Кароткі жыццяпіс св. Францішка Асізскага

1181 г. (або 1182г.) У італьянскім горадзе Асізі ў сям’і багатага купца П’етро Бернардонэ і Пікі нарадзіўся сын. На хросце яму далі імя Ян, але пазней бацька назваў яго Францішкам.

У юнацтве Францішак адзначаўся кемлівасцю і велікадушнасцю. Па характары быў весялун і нават гарэзнік, меў шмат сяброў і ў таварыстве звычайна быў завадатарам. Асізскі юнак марыў пра бліскучую, а ў тыя часы і найбольш прывабную, кар’еру гераічнага рыцара.

Верасень 1202 г. Распачалася вайна паміж Асізі і Перуджай. У ёй удзельнічае Францішак, і пасля адной з бітваў ён трапляе ў палон, у якім знаходзіўся амаль год.

1203 г. Вярнуўшыся з няволі, сын Бернардонэ цяжка хварэе.

1205 г. Францішак чарговы раз рушыць на вайну, гэтым разам да Апуліі, з надзеяй здабыць жаданую славу. У мясцовасці Спалета ён бачыць загадкавы сон і, уражаны ім, вяртаецца ў Асізі.

1206 г. У касцёле св. Дам’яна ён чуе таямнічы голас з крыжа: «Францішак, ідзі, адбудуй мой дом, які руйнуецца». У душы Францішка адбываецца пералом, пакаянне і поўнае навяртанне.

У прысутнасці асізскага біскупа ён аддае грошы і нават вопратку свайму бацьку, які быў супраць новага ладу жыцця сына. У адзенні пустэльніка Францішак распачынае жабрацкае жыццё пакаяння, служачы хворым на праказу.

1206-1208 г.г. Ён адзін аднаўляе занядбаныя святыні св.Дам’яна, св.Пятра і Маці Божай Анёльскай.

16 красавіка 1208 г. Да Францішка далучаюцца першыя вучні Бернард і Пётр.

1209 або 1210 г. Францішак з адзінаццацю вучнямі вандруе ў Рым, і там яны атрымліваюць папярэдняе зацвярджэнне такога ладу жыцця ад папы Інацэнта ІІІ.

1215 г. Адбыўся Трэці Латаранскі Сабор. Лічыцца, што на ім прысутнічаў Францішак, і менавіта там упершыню ён сустрэўся з Дамінікам Гусманам, заснавальнікам Ордэна Прапаведнікаў (дамініканцаў).

29 лістапада 1223 г. Папа Ганорый ІІІ канчаткова зацвярджае укладзены Францішкам Статут жыцця меншых братоў.

15 жніўня – 30 верасня 1224 г. Францішак, адасобіўшыся на гары Альверня, адбывае саракадзённы пост, падчас якога, прыблізна 14 верасня, атрымаў стыгматы.

3 кастрычніка 1226 г. Францішак памірае.

16 ліпеня 1228 г. Папа Грыгоры IX абвяшчае Францішка святым.

25 мая 1230 г. Цела святога Францішка перанесена ў спецыяльна пабудаваную ў яго гонар базіліку.

 

Bookmark and Share
Адноўлена 01.10.2009 09:27
 
Пры выкарыстанні матэрыялаў сайта спасылка на Catholic.By абавязкова.
Парафіяда «Тэатр – Святыня – Спорт» адбудзецца ў Івянцы

18–21 жніўня 2010 г. у Івянцы адбудзецца Парафіяда Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі пад назвай «Тэатр – Святыня – Спорт». Да ўдзелу запрашаецца моладзь 14–17 гадоў.

Падрабязней ...  
У Оршы сустрэнуцца байкеры з усяго свету

8 жніўня 2010 г. у парафіі Беззаганнага Сэрца Марыі ў Оршы (Віцебскі дэканат) адбудзецца сустрэча байкераў з усяго свету. Акрамя гэтага, сваю праграму прадставіць гістарычны клуб «Мансельвант», удзельнікі мерапрыемства сустрэнуцца як з раннім класіцызмам, так і з сучасным рокам, выступяць са сваімі спевамі дзеці і моладзь.

Падрабязней ...  
Запрашаем у пілігрымку па маршруце Кракаў — Велеград — Прага — Вена — Браціслава

Каардынатар пілігрымак у Віцебскай дыяцэзіі пробашч парафіі Святога Язафата Кунцэвіча ў Расонах кс. Вячаслаў Барок шчыра запрашае ўсіх жадаючых у чарговае падарожжа. Пілігрымка па маршруце Кракаў — Велеград — Прага — Вена — Браціслава адбудзецца з 9 па 16 жніўня 2010г.

Падрабязней ...